Праймерыз у ЗША: аднапартыйцы пачалі выступаць супраць Трампа

Праймерыз у ЗША: аднапартыйцы пачалі выступаць супраць Трампа

Еўрапейскія СМІ актыўна абмяркоўваюць “супераўторак” перадвыбарнай гонкі ў ЗША, на якой рэспубліканец Дональд Трамп і дэмакратка Хілары Клінтан сталі безумоўнымі фаварытамі сваіх партый. Галасаванні тады ладзіліся ў 12 штатах, яны перамаглі ў 7 з іх.

Перамогу Хілары Клінтан большасць аналітыкаў называюць прадказальнай. Яе кампанія будуецца на кансалідацыі афраамерыканскіх і іспанскамоўных суполак, у імя “цэласнай Амерыкі”.

А вось пераканальная перамога Дональда Трампа здзівіла не толькі яго канкурэнтаў, але і многіх аднапартыйцаў. У сувязі з гэтым аналітыкі кажуць пра сапраўдны раскол сярод рэспубліканскай палітычнай эліты. Частка “старых” рэспубліканцаў заявіла, што ніколі не падтрымае кандыдатуру Трампа. 

Праймерыз у ЗША: аднапартыйцы пачалі выступаць супраць Трампа
Дональд Трамп з сям‘ёй Клінтанаў. Фота: commdiginews.com

Іспанская El País піша, што перамога Трампа ў супераўторак выклікала трывогу ў рэспубліканцаў. І кіраўніцтва можа паспрабаваць спыніць яго прызначэнне адзіным прадстаўніком ад партыі на выбарах. Галоўны аргумент — статыстыка. Паводле яе, мільярдэр набірае толькі 46% дэлегатаў і 34% — ад выбаршчыкаў. Такім чынам, дзве траціны выбаршчыкаў прагаласавалі за іншых кандыдатаў. Калі Рэспубліканская партыя кансалідуецца і абярэ іншага адзінага кандыдата, тэарэтычна ён зможа стаць заменай Трампу. Але ні Тэд Крус, ні Марка Рубіа хутчэй за ўсё не пойдуць на гэта, адзначае выданне.

Праймерыз у ЗША: аднапартыйцы пачалі выступаць супраць Трампа
Фота: amerikaanalys.se

Аналітык брытанскай The Guardian Гэры Янг выказваецца пра тое, чаму некаторыя прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі пачалі адмаўляцца ад падтрымкі Трампа:

“Гэта выклікала паніку ў многіх рэспубліканскіх сенатараў і кангрэсменаў. І не таму, што погляды і перакананні Трампа сталі надта непрыемнымі для іх, а таму, што калі ён стане кандыдатам у прэзідэнты, яны будуць павінныя тлумачыць, ці падзяляюць яны базавыя каштоўнасці, партыйны погляд. Або таму, чаму яны пачалі асуджаць Трампа, калі ўвогуле пачалі, так позна і нерашуча”.

Праймерыз у ЗША: аднапартыйцы пачалі выступаць супраць Трампа
Фота: Rex/Shutterstock

Прафесар Лонданскай школы эканомікі Пітэр Трубовіц распавядае Euronews, чаму Трамп набірае папулярнасць у людзей:

“У ЗША сёння назіраецца стагнацыя заробкаў, расце грамадская няроўнасць. У такім кантэксце многія амерыканцы не давяраюць Вашынгтону, мяркуючы, што ўлады абслугоўваюць толькі інтарэсы найбагацейшых. Гэтыя настроі асабліва моцныя сярод электарату рэспубліканцаў, там, паводле апытанняў, Вашынгтону давярае толькі 6%. Дональд Трамп ідзе на выбары як незалежны кандыдат, як чалавек, якому не патрэбныя чужыя грошы. Незалежны ён у тым сэнсе, што не з’яўляецца часткай эліты Вашынгтона. І менавіта таму, я мяркую, прыхільнікі рэспубліканцаў у ЗША цяпер падтрымліваюць яго”.

Тым часам былы нейрахірург Бэн Карсан 2 сакавіка абвясціў, што спыняе свой удзел у прэзідэнцкай гонцы. Сваё рашэнне ён патлумачыў адсутнасцю “палітычнага прасоўвання”, паведамляе Reuters.

Пакуль у топах праймерыз акрамя фаварытаў Трампа і Клінтан застаюцца дэмакрат Берні Сандэрс, а сярод рэспубліканцаў — Тэд Крус і Марка Рубіа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі