Праз фэйкавы "бот ад BYPOL" ГУБАЗіК выявіў паўтары сотні чалавек — Ігар Тур
Супрацоўнік ГУБАЗіК / СТБ, ілюстрацыйнае фота
Некалькі соцень беларусаў адгукнуліся на фэйкавы бот для рэгістрацыі ў плане "Перамога", які запусціў ГУБАЗіК. Такую лічбу назваў дзяржаўны прапагандыст Ігар Тур на тэлеканале АНТ.
Па яго словах, ByPol і недзяржаўныя беларускія медыя спрабавалі папярэдзіць, што ГУБАЗіК стварыў фэйкавы бот, але многія паспелі падмануцца.
Паўтары сотні чалавек напісалі ў фэйкавы бот са сваімі поўнымі данымі. Яшчэ некалькі соцень былі зафіксаваныя па ID ў тэлеграме. Іх будуць шукаць.
Тур падкрэсліў, што людзей, якія "павяліся" на правакацыю ГУБАЗіКа, будуць судзіць так, быццам яны напраўду зарэгістраваліся ў плане "Перамога". Маўляў, гэта выяўлены матыў для здзяйснення тэрарыстычнага акту. Па словах прапагандыста, у лютым 2023 года беларус, які зарэгістраваўся ў такім фэйкавым боце, "прысеў на шмат гадоў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.