Прэс-сакратар МЗС пракаментаваў перадачу ўкраінскіх ваеннапалонных у Мінску
Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз пракаментаваў тэлеканалу "Настоящее время" сітуацыю з перадачай украінскіх ваеннапалонных у Мінску.
Як распавядала Еўрарадыё, пра перадачу чатырох ваеннапалонных паведаміў кіраўнік так званай "Луганскай Народнай Рэспублікі" Леанід Пасечнік. Ён заявіў, што палонных перададуць у Мінску кіраўніку палітсавета ўкраінскай партыі "Апазіцыйная платформа — За жыццё" Віктару Медведчуку.
Каментуючы гэтую інфармацыю, Анатоль Глаз заявіў, што Беларусь заўсёды падтрымлівае любыя дзеянні, накіраваныя на ўсталяванне міру на ўкраінскай зямлі.
"Вяртанне людзей, якія ўтрымліваюцца доўгі час у палоне, — высакародная справа. Нарэшце, маці ўбачаць сваіх сыноў, а дзеці — бацькоў. Гэта — галоўнае, і гэта адбываецца на беларускай зямлі. Таму ў дадзеным канкрэтным выпадку не так і важна, якія матывы тут дамінуюць — перадвыбарчыя, палітычныя ці якія-небудзь яшчэ. Важныя не нейкія закавыкі ў казённых дакументах і бюракратычная казуістыка, а канкрэтныя справы", — патлумачыў ён.
Але якія-небудзь падрабязнасці пра перадачу ўкраінскіх ваеннапалонных па-ранейшаму невядомыя.