Прэзентацыя: новы праект Akana & Wise Bear з песняй “To To To”
Удзельніцы гурта Akana Руся Шукюрава і Ірэна Катвіцкая ініцынавалі новы праект. Ён мае назву Akana & Wise Bear і аб’ядноўвае музыкаў з Беларусі, Украіны, Расіі і Ізраіля [трэці ўдзельнік — электронны музыка з Масквы, які не раскрывае сваё імя, любіць музыку, жанчын і справядлівасць, — рэд].
Першым трэкам гурта стала старадаўняя абрадавая купальская песня “То то то”. У межах праекту яна нарадзілася ў тысячны раз, каб гучаць на рэйвах і плошчах. Прэм’ера трэку і кліпа да яго адмыслова ладзіцца акурат перад Днём Волі — галоўным святам свабодных беларусаў.
Па словах Ірэны Катвіцкай, праект пачаўся з хвалі свабоды ў Беларусі, на якую наклаліся пандэмія каранавірусу і закрыццё межаў:
“Пасля доўгіх гадоў сяброўства і творчасці мы апынуліся ў розных краінах. Прыйшло ўсведамленне, што калі не паспеем сабрацца разам у студыі — наша песня не прагучыць ўжо ніколі. Я прыляцела ў Беларусь для запісу [Ірэна цяпер жыве ў Ізраілі — рэд.], калі рэйсы адмяняліся кожны дзень, і ляцела апошнім самалётам. Нам вельмі хацелася падтрымаць беларусаў і асабліва жанчын”.
"Мы любім разам працаваць, у нашых зносінах з Ірэнай не было паўзы, — дадае Руся Шукюрава. — "Акана", потым Kazalpin, цяпер, калі нас яшчэ болей аб’ядналі боль і бяда, мы хочам вярнуцца да нашага дуэту і несці тэму беларушчыны ў свет, бо музыка і спевы — гэта дасяжная нам зброя".
Над кліпам Akana & Wise Bear працавала каманда Freedom Belarus. У выніку атрымалася сапраўднае разумнае кіно пра жанчын у гісторыі Беларусі. У відэа рэальныя ўдзельніцы беларускіх пратэстаў іграюць ролі сябе і сваіх папярэдніц. Сярод іх можна заўважыць актрысу свабоднага тэатру Юлю Шаўчук і спявачку Сашу Захарык.
"Жанчыны Беларусі былі і застаюцца натхняльнымі сімваламі гераізму, адвагі і ідэйнай культуры. Нашы жанчыны пакінулі значны ўклад у гісторыі, а іх імёны не павінны быць забытыя, роўна як і сёння нашы жанчыны гераічна займаюцца сваёй справай, ратуючы жыцці, ствараючы мастацтва, выражаючы сябе і сваё меркаванне ў імя свабоды і будучыні. Спіс гэтых імёнаў бясконцы, і мы ганарымся кожным з іх", — так каментуе ідэю відэа каманда Freedom Belarus.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.