Прэзентацыю альбома гурта AMAROKA забаранілі ў другі раз
Ідэолагі бачаць у творчасці каманды "пагрозу нацыянальнай бяспецы".
Мінскі гурт AMAROKA атрымаў другую адмову ў правядзенні канцэрта, паведамляе сайт "Арт-сядзібы". Выступ з прэзентацыяй альбома "Virus" музыкі планавалі на 5 чэрвеня ў клубе "Re:Public". Аднак галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама адмовіла ў гастрольным пасведчанні, патлумачыўшы, што творчасць AMAROKA можа падпадаць пад "прапаганду вайны ці экстрэмізму ды ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы".
Як музыкі пагражаюць нацыянальнай бяспецы, чыноўнікі не ўдакладняюць. Гурт ужо атрымаў адмову ў правядзенні канцэрта на пачатку траўня па той жа прычыне, але ў вуснай форме.
Тым часам AMAROKA не спыняюцца і рыхтуюцца прэзентаваць сінгл "Па венах", а ў сярэдзіне чэрвеня і сам новы альбом "Virus".