Прэзідэнт Літвы наклаў вета на закон пра абмежаванні для беларусаў і расіян
Гітанас Наўседа / AFP
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа наклаў вета на закон пра нацыянальныя абмежаванні для грамадзян Беларусі і Расіі. Як піша Delfi, закон вернецца ў парламент на паўторны разгляд.
Як распавядала Еўрарадыё, літоўскія дэпутаты вырашылі ўвесці абмежаванні па атрыманні грамадзянства і віду на жыхарства толькі для грамадзян Расіі.
Наўседа заяўляе, што няма падставаў для розных прававых адносінаў да грамадзян дзвюх дзяржаў-агрэсараў. Ён прапануе ўжываць аднолькавыя абмежавальныя меры да грамадзян Беларусі і Расіі. "З пункту погляду нацыянальнай бяспекі Літвы няма падставаў для рознай ацэнкі грамадзян Беларусі і Расіі", — упэўнены ён.
Таксама Наўседа прапанаваў замацаваць у законе прававы механізм, які б спрасціў працэдуру анулявання ўжо выдадзеных віз і ВНЖ/ПМЖ, а таксама спрасціў дэпартацыю асоб, якія парушылі заканадаўства аб міжнародных санкцыях ці абмежавальных мерах з Літвы.
Каментуючы рашэнне прэзідэнта Літвы, Анатоль Лябедзька заявіў, што Офіс Святланы Ціханоўскай будзе працаваць з дэпутатамі Сейма Літвы, каб пераадолець вета: "Вядома, у прэзідэнта ёсць права накладаць вета. Але і ў нас ёсць права звяртацца да дэпутатаў Сейма Літвы, каб пераадолець вета".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.