"Прымусіць замаўчаць зброю": заява генсакратара ААН з мяжы Газы
Сектар Газа
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў да неадкладнага спынення агню ў сектары Газа.
"Настаў час прымусіць замаўчаць зброю", — сказаў ён.
Гутэрыш зрабіў сваю заяву, калі прыбыў на пераход Рафах, які знаходзіцца на мяжы Егіпта з сектарам Газа. Генеральны сакратар ААН знаходзіўся на егіпецкім баку пераходу.
Гутэрыш таксама заклікаў Ізраіль даць "поўны, бесперашкодны" доступ да гуманітарных тавараў па ўсёй тэрыторыі Газы.
Нядаўна пры падтрымцы ААН была праведзена ацэнка харчовай бяспекі ў Газе. Яна паказала, што 1,1 мільёна чалавек у сектары пакутуюць ад катастрафічнага голаду.
"Я хачу, каб палестынцы ў сектары Газа ведалі: вы не самотныя. Людзі ва ўсім свеце абураныя жахамі, сведкамі якіх мы ўсе з'яўляемся ў рэальным часе", — дадаў Гутэрыш.
Ён таксама заклікаў да вызвалення ізраільскіх закладнікаў, якіх усё яшчэ трымае ХАМАС.
Напярэдадні Расія і Кітай заблакіравалі праект рэзалюцыі па Газе, прадстаўлены ЗША. Рэзалюцыя заклікала да вызвалення закладнікаў і спынення агню ў Газе. ЗША — ключавы саюзнік Ізраіля, аднак у гэтым дакументы змяшчаецца ясны заклік спыніць запланаваны наступ на Рафах. Таму што гэтая атака прынясе занадта шмат грамадзянскіх ахвяр і ператворыць сур'ёзныя праблемы з пастаўкай гуманітаркі, якая ў тым ліку ідзе праз Рафах, у поўны хаос.
Масква і Пекін скарысталіся сваім правам вета. У Расіі тэкст дакументы назвалі "крывадушным". Па словах амбасадара РФ у ААН Васіля Небензі, гэты дакумент нічога не робіць для прадухілення наступу. У ЗША дзеянні Расіі і Кітая назвалі "глыбока цынічнымі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.