Псіхолаг-прафайлер: У Рамана Пратасевіча — стакгольмскі сіндром

Раман Пратасевіч у студыі Еўрарадыё
Раман Пратасевіч у студыі Еўрарадыё

Затрыманы пасля пасадкі самалёта Ryanair ў Мінску Раман Пратасевіч адчувае нешта накшталт стакгольмскага сіндрому. Да такой высновы ў размове з "Новай газетай" прыйшоў расійскі псіхолаг-прафайлер Аляксей Філатаў.

"Раней Пратасевіч казаў, што Лукашэнка — здань з пекла. Іншымі словамі, вядома, але па сэнсе — менавіта так. Цяпер ён кажа пра павагу да яго, і перамяжоўвае гэта прыемнымі эпітэтамі ў яго адрас, — заўважае эксперт. — Гэта ўсё ж хутчэй разнавіднасць стакгольмскага сіндрому, калі людзей, якіх ты быццам бы ненавідзеў, сустракаеш у рэальным, а не віртуальным жыцці, і яны, насуперак усім катастрафічным чаканням, раптам паводзяць сябе больш-менш нармальна, адэкватна. Маглі біць — не б'юць, маглі не карміць — кормяць , маглі не даваць спаць — даюць спаць".

Псіхолаг лічыць, што пад уплывам такіх маніпуляцый фатограф, якога трымаюць у адным з мінскіх СІЗА, пачынае сам пераконваць сябе ў тым, што, магчыма, раней памыляўся ў ацэнцы сваіх катаў.

"Ён яшчэ і вымушаны так думаць, таму што калі ён будзе думаць па-іншаму, дык стаўленне да яго можа моцна змяніцца, і ён на сабе гэта вельмі хутка адчуе, — дадае Філатаў. — Таму ён самога сябе пераконвае ў тым, што паступае правільна: трэба супрацоўнічаць са следствам, трэба распавядаць сілавікам ледзь не ўсё, што ён ведае. А дакладней — наогул усё, што ён ведае".

Психолог-профайлер: У Романа Протасевича — стокгольмский синдром
Раман Пратасевіч на Купаллі пад Мінскам у 2019 годзе / Еўрарадыё

Эксперт лічыць, што Пратасевіч па натуры не баец. Ён не схільны ўступаць у супрацьстаянні і гатовы на многае дзеля таго, каб пазбегнуць вялікага стрэсу.

"Мяркуючы па ўсім — я не магу гэтага дакладна сцвярджаць, таму што асабіста з ім не размаўляў, але дазволю сабе выказаць здагадку зыходзячы з назіранняў па відэа, — ён адносіцца да тыпу асобы з істэроідным дэманстратыўным радыкалам, — ацэньвае Пратасевіча псіхолаг. — Лексічная і адносная мяккасць, дэманстратыўныя паводзіны, імкненне да славы, увагі. <...> Пафоткаць, засвяціцца — так, сказаць, што я датычны вось да гэтай справы, — так, з задавальненнем".

Чым часцей прадстаўнікі ўладаў будуць прымушаць Пратасевіча паўтараць, "які цудоўны Лукашэнка і які вялікі яму дзякуй за тое, што не аддае яго [Пратасевіча. — Еўрарадыё] на разарванне", тым больш ён сам будзе ў гэта верыць, перакананы Філатаў.

З 23 мая Раман Пратасевіч знаходзіцца за кратамі. Доўгі час з ім не магла пабачыцца ягоны адвакат. Таксама сілавікі ўтрымліваюць яго дзяўчыну, грамадзянку Расіі Соф'ю Сапега.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі