Пуцін напісаў зварот да палякаў, магчыма, напіша і да беларусаў

Спрэчкі Польшчы з Расіяй закранаюць таксама і беларускія нацыянальныя інтарэсы, лічыць палітолаг Юрый Шаўцоў
Напярэдадні свайго візіту ў Польшчу Ўладзімір Пуцін напісаў артыкул для ўплывовай “Газеты выборчай”. Расійскі прэм’ер-міністр прадставіў свой погляд на гістарычныя падзеі, якія дагэтуль выклікаюць спрэчкі паміж Польшчай і Расіяй.

Для польскай грамадскасці зварот Пуціна ў пэўным сэнсе стаў прыемнай нечаканасцю. Расійскі прэм’ер афіцыйна прызнаў, што Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 года, а Польшча стала першай змагаркай з фашызмам, паведаміў Еўрарадыё эксперт Цэнтра міжнародных адносінаў Эўгеніюш Смоляр.

Эўгеніюш Смоляр: “Зварот ўспрынялі як выцягнутую руку ў бок Польшчы, дзякуючы прызнанню таго, што Другая сусветная вайна пачалася ў верасні 1939 года, а не ў чэрвені 1941-га. Гэта вельмі важная навіна. Ва ўсёй савецкай гісторыі, а да нядаўна нават і ў расійскай, сусветная вайна ўспрымалася як Вялікая Айчынная вайна ад 1941 года, аднак мы ж ведаем, што ад 1939 года”.

У артыкуле расійскі прэм’ер-міністр асудзіў пакт Молатава-Рыбентропа. Пуцін таксама запэўніў палякаў, што расійскі народ разумее ўсю далікатнасць “катынскай справы” (у лесе пад Катынню на Смаленшчыне ў 1940 годзе НКВД забіла каля 20 тысяч польскіх вайскоўцаў).  Праўда, забітых афіцэраў ён параўнаў з чырвонаармейцамі, загінулымі ў лагерах ваеннапалонных падчас вайны 1920 года ў Польшчы. Эўгеніюш Смоляр лічыць такое параўнанне недарэчным.

Эўгеніюш Смоляр: “Гэта можа выклікаць незадавальненне польскай грамадскасці. Гэта зусім розныя рэчы. У адносінах да бальшавіцкіх салдатаў не было палітыкі знішчэння, якая праводзілася ў Катыні адносна польскай палоннай эліты”.

Аднак большасць спрэчных пытанняў Уладзімір Пуцін у сваім артыкуле проста абмінуў. Таму і ўспрымаць артыкул занадта аптымістычна не варта. Пуцін прадставіў даволі аднабаковую візію гісторыі, лічыць польскі эксперт. Таму і чакаць сур’ёзных зменаў у адносінах паміж Масквой і Варшавай рана.

Праўда, польскі пункт погляду назваць аб’ектыўным таксама цяжка, заўважае палітолаг Юрый Шаўцоў. Палякі часта забываюцца, што спрэчкі Польшчы з Расіяй закранаюць таксама і беларускія нацыянальныя інтарэсы.

Юрый Шаўцоў: “Польшча, высоўваючы свае патрабаванні да Расіі адносна Катыні і асабліва пакта Молатава-Рыбентропа, вядома ж, не аглядаецца на нас. Калі ж скасаваць гэты пакт, то не тое, каб гэта пагражала нашым межам, але з’явіцца вялікая праблема для нашай ідэнтычнасці. Нам будзе значна складаней забяспечыць сваё месца ў культурнай мапе Усходняй Еўропы”.

У той жа час цалкам падтрымаць расійскі пункт гледжання Беларусь не можа. Паміж намі і Расіяй таксама хапае “выбуховых кропак”, мяркуе палітолаг.

Юрый Шаўцоў: “У нас глыбінна вельмі вялікія адрозненні. З-за таго, што расіяне бачаць сябе нашчадкамі тысячагадовай традыцыі, яны саму беларускую незалежнасць успрымаюць ненатуральна. Яны не могуць вырашыць, што бачаць перад сабой: Беларусь — гэта нашчадак ВКЛ, ці гэта "Заходняя Расія", ці гэта БССР у новай форме. У кожны момант любая тэма, якая глыбей за Другую сусветную вайну, можа выклікаць напружанасць”.

Тады расійскае кіраўніцтва і накіруе да беларусаў зварот, як да палякаў цяпер. На думку Юрыя Шаўцова, гэта можа здарыцца ў кожную хвіліну, напрыклад, калі Беларусь наведае Папа Рымскі, або ў нашай краіне пачнуць звяртаць больш увагі на беларускую мову.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі