Пуцін патрабуе запуску транзіту? Чалы — пра перамовы ў Маскве
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін / AFP
Аляксандр Лукашэнка наведаў у канцы мінулага тыдня Маскву, дзе сустракаўся з Уладзімірам Пуціным. Перамовы доўжыліся ўсяго пару гадзін, але іх вынікі аналітык Сяргей Чалы лічыць досыць цікавымі. Асабліва ў кантэксце адказу Лукашэнкі на пытанне пра тое, калі ён збіраецца сысці.
— Там, вядома, атрымаўся поўны правал. І відаць тое, як працуюць расійскія журналісты з Лукашэнкам. Яны паводзяць сябе як такі ўедлівы следчы, які "пачакайце-пачакайце, усё ж пра пратакол раскажыце падрабязней, я да канца не зразумеў". І вось гэтае пытанне, якое прагучала з вуснаў Андрэя Калеснікава — чалавека, які даўным-даўно ў пуле Пуціна, прычым стыль яго, мяркуючы па ўсім, падабаецца самому Пуціну... Зноў жа, газета "Коммерсант", вельмі блізкая да Адміністрацыі прэзідэнта РФ, адтуль усе яе крыніцы…
З вельмі высокай ступенню імавернасці можна сказаць пра тое, што пытанне было зрэжысаванае, і гэта трэцяе пытанне на адну і тую ж тэму: калі ж, Аляксандр Рыгоравіч, вы нас пакінеце? Маецца на ўвазе, вядома, не ў іншы свет, а з пасады. Ён тройчы ўжо адказваў на яго. Першы раз — у часе паслання парламенту і народу, дзе ён казаў пра тое, што, "калі б усё было добра, я б ужо сышоў".
Гэты ж тэзіс, кажа Чалы, ён пацвярджае і ў інтэрв'ю Салаўёву. Прычым быццам бы пратэсты і "перамаглі", але знаходзяць нешта новае. У выніку адзіным сэнсам знаходжання яго на пасадзе называецца "сітуацыя перадваеннага стану".
— І роўна тое самае было зададзена Калеснікавым. Адказ, несумненна, быў надзвычай няўдалы, нездарма яго паспрабавалі выразаць з усіх прапагандысцкіх рэсурсаў і афіцыйных каналаў. Больш за тое, паглядзіце, як гэта было зрэжысавана: пытанне было зададзенае, калі брыфінг ужо заканчваўся і яны [Лукашэнка і Пуцін] ужо збіраліся сыходзіць, потым Калеснікаў папрасіў яшчэ задаць пытанне, і вось адказ быў "мы зараз з Уладзімірам Уладзіміравічам...".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.