Пускаць нельга пакідаць. Што жыхары Беластока думаюць пра міграцыйны крызіс

Беласток / Еўрарадыё
Беласток / Еўрарадыё

— Страляць і яшчэ раз страляць. Як мінімум гумовымі кулямі, — кажа мужчына, падымаючыся па лесвіцы.

Мы гаворым ва ўнівермагу ў Беластоку. Яго жонка ў адказ на пытанне пра стаўленне да тысяч мігрантаў на мяжы проста паціснула плячыма, але ён, мужчына гадоў сарака, у выразах не абмяжоўваўся.

— Ёсць памежнікі, ёсць зброя, — дадаў ён і працягнуў расказваць нешта пра новыя рашэнні кіраўнічай партыі Польшчы, надзвычайнае становішча на мяжы і тое, для чаго гэта ўсё зроблена.

Раніцай 15 лістапада больш за тысячу мігрантаў, якія жылі амаль тыдзень на польска-беларускай мяжы, перабраліся на тэрыторыю пункта пропуску "Кузніца". Свае палаткі яны паставілі проста на асфальце. З аднаго боку ад іх стаялі беларускія сілавікі, якія не прапускалі мігрантаў назад у Беларусь, з другога боку — польскія, якія таксама не мелі намеру прапускаць іх.

Беласток знаходзіцца прыблізна за 50 кіламетраў ад беларускай мяжы, у рэгіёне гэта самы буйны горад. У меншыя гарады, размешчаныя проста на мяжы, прыехаць нельга праз уведзены польскімі ўладамі рэжым надзвычайнага становішча. У той жа дзень за парушэнне рэжыму там затрымалі здымачную групу расійскага тэлеканала RT.

Пра сітуацыю на мяжы тут ведаюць, здаецца, усе. У адной з кавярняў у цэнтры горада раніцай наведвальнікі перагаворваюцца і паказваюць адно аднаму ў тэлефонах фатаграфіі і відэа з "Кузніцы".

Пускать нельзя оставлять. Что жители Белостока думают о миграционном кризисе

— Так, пра гэта ўсе гавораць, вядома, — расказвае Агата, студэнтка мясцовага ўніверсітэта. — Вядома, гэта ненармальна, негуманна. Мне здаецца, што яны... м-м-м, з іншых краін, — таксама людзі. Ім таксама трэба цяпло, гарачае харчаванне, адзенне. Не ведаю, што мы можам зрабіць у гэтай сітуацыі, праўда.

Сама Агата з Белавежы, што за чатыры кіламетры ад мяжы. Там якраз і ўведзена надзвычайнае становішча, і, як кажа студэнтка, гэта падобна да вайны.

— Нашы вайскоўцы ўсюды. Танкі. Сапраўды як вайна, страшна.

— Як думаеце, Польшча павінна прапусціць мігрантаў?

— Не, не думаю. Ёсць прыклады Германіі, Бельгіі або Францыі, дзе шмат мігрантаў і што там адбываецца. Я сама там была і бачыла ўсё.

 

— Хто вінаваты ў гэтым крызісе?

— Я не ведаю, я не думаю пра палітыку.

Цікава, што Агата — адзіная, хто згаджаецца зрабіць фатаграфію. Астатнія або спяшаюцца, або какетнічаюць, кажучы, што дрэнна выглядаюць. Многія адмаўляюцца гаварыць: "Ай, я пра палітыку не буду", хоць выдатна разумеюць тэму размовы.

 

Пускать нельзя оставлять. Что жители Белостока думают о миграционном кризисе

Напрыклад, Яўгенія — яна ўжо даўно жыве ў Беластоку, але сама з Беларусі. Прыехала сюды разам з хлопцам не праз палітыку, а ў пошуках "лепшага польскага жыцця". На просьбу сфатаграфавацца адказвае, што праз гадзіну сядзе ў аўтобус да Беларусі, каб пабачыць родных, "не хацела б праблем".

— Спачатку я шкадавала сірыйцаў [так Яўгенія агулам называе мігрантаў на мяжы. — Еўрарадыё]. Вельмі было страшна, дзеці плачуць — гэта ж нядобра. Але потым убачыла ў навінах, што ім могуць дапамагаць беларускія войскі. Прасоўвацца, ставіць палаткі, даваць зарадкі з ежай. Цяпер я неяк 50 на 50…

Нечакана Яўгенія згадвае польскіх вайскоўцаў: іх ёй таксама шкада.

— Проста я працую ў рэстаране, калегі палякі. На жаль, яны вельмі дрэнна ставяцца да сітуацыі і шмат гоняць на сваіх вайскоўцаў. Не ведаю чаму. Але я чытала каментары: многія лаюць вайскоўцаў, што яны не пускаюць мігрантаў. Але я разумею, чаму яны гэта робяць: нармальна для краіны не пускаць тых, у каго няма дакументаў... Чаму Беларусь не дае ім умовы і прыстанішча, калі мы ўсе такія нейтральныя?..

 

Яе малады чалавек пра сітуацыю гаварыць наогул не хоча: кажа, што не цікавіцца навінамі наогул. Яўгенія кажа, што таксама хацела б не сачыць, таму што праз апошнія падзеі ёй становіцца страшна.

— Я ў шоку была ад відэа, калі сірыйцы проста ў лесе. Як быццам рыхтуюцца да нечага, тэлефануюць камусьці. Можа быць халодная вайна і яшчэ страшней.

Замежнікі, якія жывуць у Беластоку, ставяцца да мігрантаў са зразумелых прычын гуманней, чым многія палякі. Напрыклад, Бэці і Наомі — першая прыехала са Швецыі, другая з Ірландыі, але абедзве — дочкі мігрантаў. Цяпер вучацца на медыкаў і ўжо тры гады жывуць у Беластоку.

— Можа, таму што мы таксама тут чужыя, але, думаю, трэба пусціць іх. Яны ж таксама людзі, — кажа Наомі.

— А вы не сутыкаліся з ксенафобіяй, жывучы тут?

З адкрытай не, — кажа Бэці.

— Так, можна ўбачыць косыя позіркі, але гэта, хутчэй, цікаўнасць, як мне здаецца, — працягвае Наомі. — Тут мала людзей з іншым колерам скуры, менш, чым у Варшаве, таму многія дзівяцца.

Хоць у дзяўчат і добры досвед жыцця ў Беластоку, у мясцовых часцей дрэннае стаўленне да мігрантаў. "Ай, гэтыя мусульмане", — махнуў рукой пажылы мужчына каля аднаго з гандлёвых цэнтраў горада і не захацеў працягваць размову.

 

Ці сапраўды мясцовыя жыхары ксенафобныя і як яны ставяцца да людзей іншага колеру скуры або веры, добра было б спытаць у імама. У Беластоку ёсць дзве мячэці, але абедзве аказаліся зачыненыя. Як растлумачылі ў адной з іх, імам і ўсё духавенства на выездзе за межамі горада. Таму як мінімум адзін дзень мячэці горада папросту не працавалі.

У Беластоку ёсць цэнтр для часовага пражывання мігрантаў. Тыповы жылы дом, праз дарогу — завод. З будынка выходзіць жанчына з дзецьмі, Мілана. Сама яна калісьці ўцякла праз Брэст з роднай Чачні. Ужо шэсць гадоў жыве тут. Без мужа цяжка, таму на жыллё грошай няма, але з'явілася магчымасць застацца ў цэнтры.

Пускать нельзя оставлять. Что жители Белостока думают о миграционном кризисе
Цэнтр утрымання мігрантаў у Беластоку

— Я вельмі хварэю за іх. Таму што ў іх дзеці плачуць, там холадна. Гэта вельмі сумна.

Мілана кажа, што ставяцца да чужакоў палякі насцярожана, але агрэсіі яна ніколі не сустракала. Мігрантаў з мяжы, упэўненая яна, трэба прапусціць. Галоўны аргумент: "Яны таксама людзі і заслугоўваюць шанцу на лепшае жыццё".

Па дарозе да вакзала мігрантаў абмяркоўваем з таксістам. У яго самога дакладнага меркавання пра праблему няма, але прызнаецца: з многімі кліентамі ў апошнія дні гавораць менавіта пра гэта.

— Усе думаюць па-рознаму. Хтосьці лічыць, што яны бедныя людзі. Хтосьці — што не. Адным шкада, другім — не... Але памежнікі правільна робяць, што не пускаюць іх. То-бок як? Калі б хацелі працаваць, ехалі б легальна. А так яны ж у Германію па дапамогу хочуць. Навошта Польшчы іх пускаць? Вось часта так кажуць. Я, напэўна, пагаджуся...

У зале чакання аўтобуснага вакзала сядзяць два маладыя хлопцы ў форме — магчыма, яны былі на мяжы або ніяк з ёй не звязаныя. На табло паказаны аўтобус у Гродна, але ён вылучаны чырвоным колерам з паметкай "праз "Кузніцу". А яна зачынена ўжо амаль тыдзень.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі