Радаслаў Сікорскі зноў узначаліў МЗС Польшчы. Што гэта значыць для беларусаў?

Биография Радослава Сикорского

Радаслаў Сікорскі / East News

Міністрам замежных спраў Польшчы стаў Радаслаў Сікорскі. Палітык вярнуўся ва ўрад разам з прэм'ерам Дональдам Тускам. Абодва ўжо займалі гэтыя пасады — і працавалі ў тым ліку па "беларускай праблематыцы".

Хто такі Радаслаў Сікорскі і што яго вяртанне на пасаду міністра можа значыць для беларусаў? Еўрарадыё расказвае падрабязнасці.

Сям'я з каранямі ў Беларусі

Сікорскага з Беларуссю звязвае не толькі палітыка, але і карані. Як ён сам казаў, сям'я яго маці была са Стоўбцаў — праўда, поўнай упэўненасці ў гэтым няма, прызнаваў Сікорскі.

Жонка міністра — вядомая журналістка і пісьменніца Эн Эплбаўм, адна з самых паважаных экспертак па аўтакратыях і постсавецкіх краінах. Яе сям'я родам з Кобрына.

Абарона і міжнародныя справы

У 2005-м Сікорскі быў прызначаны на пасаду міністра абароны Польшчы, з гэтай пазіцыі ў 2007 ён перайшоў у Міністэрства замежных спраў. Польскай дыпламатыяй ён кіраваў  да верасня 2014 года, то-бок менавіта на перыяд яго працы прыпалі і Плошча 19 снежня 2010-га з наступнымі жорсткімі санкцыямі, і спроба "ўтаймавання" рэжыму Лукашэнкі, і Еўрамайдан ва Украіне.

А цяпер трохі падрабязней.

2010 — спрабавалі супакоіць

За месяц да выбараў 2010-га Сікорскі і Гіда Вестэрвеле, які займаў тады пасаду кіраўніка МЗС Германіі, наведалі Беларусь.

Радослав Сикорский и Лукашенко в Беларуси
Сікорскі на сустрэчы з Лукашэнкам

Палітыкі спрабавалі ўгаварыць Лукашэнку правесці выбары па дэмакратычных стандартах і выконваць правы чалавека. Наўзамен абяцалі эканамічнае супрацоўніцтва. Але не атрымалася: выбары былі сфальсіфікаваныя, пратэсты — жорстка задушаныя, а амаль усе кандыдаты ў прэзідэнты — пасаджаныя ў турму.

"Ведаеце, усе польскія ўрады, усе еўрапейскія камісіі спрабавалі стварыць нейкую перспектыву для Беларусі. Мы стварылі "Усходняе партнёрства", якое, я лічу, мае свае дасягненні. Толькі Лукашэнка, відаць , лічыць сябе тыпам палітычнай жывёліны, якая несумяшчальная з Еўрасаюзам, і ўпэўнены, што ўрэшце заўсёды перамагае салідарнасць аўтакратаў. Гэта не значыць, што не варта спрабаваць",казаў пасля пра тыя спробы паўплываць на Лукашэнку Сікорскі.

Зрэшты, гэта не значыць, што ў другой палове нулявых Сікорскі спрабаваў толькі дамовіцца з Лукашэнкам. Ён сустракаўся з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, Польшча аказвала ім пастаянную падтрымку і падкрэслівала неабходнасць пераходу Беларусі з "клуба аўтакратый" у лік свабодных краін.

2011 — ястрабіная пазіцыя

Пасля выбараў 2010-га Сікорскі не стаў настойваць на неабходнасці далей дамаўляцца з Лукашэнкам. Польшча падтрымала санкцыі супраць рэжыму, а міністр заяўляў пра свае сумневы ў тым, што Лукашэнка сапраўды перамог па выніках галасавання.

У 2011-м Сікорскі наогул заявіў, што адзіным прадметам размоў Еўрасаюза і Лукашэнкі можа быць толькі яго сыход з пасады. Тады ж ён заклікаў беларускага аўтакрата задумацца над тым, што здарылася з лівійскім і егіпецкім дыктатарамі Кадафі і Мубаракам.

Перамовы на Еўрамайдане

На мяжы 2013 і 2014 гадоў ва Украіне ўспыхнулі пратэсты — і Сікорскі разам з калегамі з Германіі і Францыі спрабаваў выступіць пасярэднікам паміж апазіцыяй і прэзідэнтам Віктарам Януковічам.

Потым прапагандысты доўга кляймілі і Сікорскага, і ягоных калег як арганізатараў і натхняльнікаў Еўрамайдану, нават нягледзячы на тое, што тыя выступалі асцярожна і нават лічылі памылкай патрабаванне адстаўкі Януковіча. Потым, пасля ўварвання Расіі, гэтыя ж краіны спрабавалі разрадзіць сітуацыю. Але, як мы ведаем, не атрымалася.

Падтрымка дэмсіл

Пасля пасады кіраўніка МЗС Сікорскі нядоўга пабыў маршалам Сейма, потым у яго палітычнай кар'еры быў перапынак, падчас якога ён выступаў як навуковец і палітычны аналітык.

У 2019 Радаслаў Сікорскі вярнуўся ў палітыку і быў абраны ў Еўрапарламент.

У 2020-м ён асудзіў рэпрэсіі і стаў "сімвалічным хросным" Сяргея Ціханоўскага. Жорстка крытыкуючы афіцыйны Мінск, у 2021-м Сікорскі нагадаў усім пра палітычныя забойствы 1990-х і пастаянны ціск на грамадзянскую супольнасць і прапанаваў прызнаць Лукашэнку тэрарыстам.

"Ведаеце, калісьці сістэма была такой, што такім людзям давалі сядзібку дзе-небудзь на поўдні Францыі — і жыві да канца сваіх дзён у раскошы. А сёння ў нас міжнародны трыбунал пакаранняў. І перспектыва [для Лукашэнкі] — скончыць як Мілошавіч ці Караджыч", — казаў ён у інтэрв'ю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі