Расія абвясціла лідара "Правага сектара" ў міжнародны вышук
Следчы камітэт Расіі шукае ўкраінца Дзмітрыя Яраша ў якасці абвінавачанага.
Ярашу завочна выстаўленыя абвінавачванні ў "публічных закліках да ажыццяўлення тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці, учыненыя з выкарыстаннем СМІ", перадае РБК. На думку следства, у сваіх выступах кіраўнік "Правага сектара" "публічна заклікае антырасійскія сілы да экстрэмісцкіх дзеянняў і тэрору на тэрыторыі Расіі.
Падставай для абвінавачання стаў зварот Яраша да паўночнакаўказскага сепаратыста Доку Умарава. Зварот быў размешчаны на старонцы "Правага сектара" ў сацсетцы "Вконтакте" 1 сакавіка.
На наступны дзень кіраўніцтва "Правага сектара" абвергла звесткі, што Яраш звяртаўся да Умарава. Прэс-сакратар руху Арцём Скарападскім заявіў, што акаўнт аднаго з адміністратараў групы на старонцы руху "Вконтакте" быў узламаны. Па словах Скарападскага, "Правы сектар" заклікае "не паддавацца на правакацыі і першымі нічога не пачынаць", але гатовы "адказваць акупацыйным войскам Расійскай Федэрацыі".
Фота — azattyk.org