Расія назвала памылкай адмову Кіева фінансаваць акупаваныя раёны Данбасу
А расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін параўнаў Данбас з Чачнёй.
На думку Пуціна, спыненне фінансавання акупаваных раёнаў у адпаведнасці з новым указам украінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі фактычна гаворыць аб эканамічнай блакадзе Луганшчыны і Данеччыны. Пра гэта Пуцін заявіў журналістам па выніках саміту G20 у аўстралійскім Брысбене.
“Мне падаецца, што гэта вялікая памылка, бо яны ўласнай рукой адразаюць гэты рэгіёны. Навошта — вось гэтага я не разумею. Але мы пагаворым яшчэ з Пятром Аляксеевічам на гэту тэму”, — паабяцаў Пуцін.
Расійскі лідар пры гэтым прапанаваў узгадаць падзеі на Каўказе
“Нават у самыя цяжкія дні, месяцы, дый гады, можна сказаць, мы ніколі не спынялі фінансавання Чачэнскай Рэспублікі, рэгулярна плацілі не толькі пенсіі і дапамогі, але і субсідыі бюджэту. Гэта выглядала нават на першы погляд дурнавата, бо людзі, якія кантралявалі там сітуацыю, не толькі раскрадалі грошы, але і маглі выкарыстоўваць іх яўна не на высакародныя мэты”, — цытуе расійскага лідара УНІАН.