Расія не выдае Беларусі трэці транш крэдыту ЕФСР

Расія не выдае Беларусі трэці транш крэдыту ЕФСР

Беларусь ні ў лістападзе, ні ў снежні не атрымала чаканыя 300 млн долараў трэцяга траншу крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Снежаньскі савет Фонду, як піша tut.by, увогуле не разглядаў беларускае пытанне.

Яшчэ ў верасні першы намеснік кіраўніка Нацбанка Тарас Надольны казаў, што наша краіна выканала ўсе неабходныя індыкатары для атрымання трэцяга траншу крэдыту. Але на пасяджэнні рады Фонду, якое прайшло 6 снежня, быў вылучаны толькі транш Арменіі.  

У Мінфіне Беларусі кажуць, што эксперты міністэрства і Еўразійскага банка развіцця (як кіраўніка сродкамі Фонду) абмяркоўваюць беларускую заяўку.

У крыніцах, блізкіх да Фонду, заяўляюць, быццам Беларусь не выканала тры з 22 паказчыкаў матрыцы мер эканамічнай палітыкі і структурных пераўтварэнняў. Частка з іх з'яўляецца кантрольнымі індыкатарамі, частка — індыкатыўнымі. Пры гэтым адзначаецца, што ключавыя паказчыкі Беларусь забяспечыла. Але ў дакуменце ёсць акалічнасці, якія не дазваляюць аўтаматычна разлічваць на атрыманне сродкаў. Напрыклад, у часткі паказчыкаў ёсць агаворка, што іх могуць зрабіць больш жорсткімі "ў выпадку ўзнікнення рызык недасягнення мэтаў праграмы".

Эксперты tut.by мяркуюць, што пытанне з вылучэннем траншу — палітычнае, а не эканамічнае. У прыватнасці, прычынай можа стаць не вырашаная з пачатку года спрэчка пра аплату газу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі