Расія патрабуе ад Беларусі адзінай валюты, іначай падтрымкі не будзе
Уся магчымая далейшая дадатковая падтрымка Беларусі можа аказвацца толькі пасля выканання ўсіх "дарожных мапаў" па інтэграцыі. Пра такую заяву прэм'ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева паведамляе ТАСС.
"Работа праведзеная, "мапы" ўзгодненыя, і ў прынцыпе, калі сур'ёзна глядзець на інтэграцыю, мы можам перайсці да яе фарсіраванага прасоўвання — а менавіта, выканаць тое, што ў гэтых картах значыцца - з першай па трыццатую, прыняць уніфікаванае заканадаўства, каб гэта былі сапраўдныя законы", — заявіў кіраўнік расійскага ўрада журналістам.
Мядзведзеў удакладніў, што не ўзгодненая толькі "дарожная мапа", прысвечаная стварэнню наднацыянальных органаў, адзінай валюце і адзінаму эмісійнаму цэнтру.
Расійскі прэм'ер падкрэсліў, што Беларусь атрымала амаль 8 мільярдаў расійскіх крэдытаў. Таму "дадатковыя формы крэдытавання магчымыя толькі ў выпадку, калі "дарожныя мапы" будуць выкананыя і ўвасобяцца ў законы", заявіў ён. Толькі пасля гэтага, на думку Мядзведзева, можна будзе размаўляць пра кампенсацыю падатковага манеўру для Беларусі і пра іншыя пытанні.
Таксама кіраўнік расійскага ўрада паведаміў, што ў Мінск да Новага года ён не збіраецца. Мядзведзеў дадаў, што пры развіцці інтэграцыі многае залежыць ад рашэнняў Мінска.
Раней паведамлялася, што на перамовах 20 снежня няўзгодненымі засталіся тры "дарожныя мапы" — яны закранаюць нафтавае, газавае і падатковае пытанні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.