Расія з 6 чэрвеня часова абмяжоўвае пастаўкі малака з Беларусі
Расія з 6 чэрвеня часова абмяжоўвае пастаўкі малака і малочных прадуктаў з Беларусі. Пра гэта ў панядзелак паведаміў Рассельгаснагляд. На яго сайце з'явілася дзве інфармацыі на гэтую тэму. У першай гаворка ідзе пра часовую забарону з 6 чэрвеня на пастаўкі прадукцыі Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната і бярэзінскага філіяла прадпрыемства "Здравушка-мілк". Прычына — выяўленыя "астаткі забароненых і шкодных рэчываў". У той жа час здымаюцца абмежаванні з паставак прадукцыі беларускага прадпрыемства "Малочныя горкі".
У іншым паведамленні Рассельгаснагляду адзначаецца, што па выніках нарады было вырашана адрэагаваць на пастаўкі небяспечнай малочнай прадукцыі з Беларусі, якія працягваюцца. Таму "да ўрэгулявання сітуацыі з забеспячэннем бяспекі беларускай прадукцыі" з 6 чэрвеня ўводзяцца часовыя абмежаванні на пастаўкі прадукцыі, "у якой выяўлялася найбольшая колькасць парушэнняў". Гэта значыць, рашэнне накіравана не на асобныя прадпрыемствы, а на віды прадукцыі, а менавіта: малака і вяршкоў пастэрызаваных, стэрылізаваных і ультрапастэрызаваных налівам; малака і вяршкоў сухіх, канцэнтраваных, кансерваваных і згушчаных; сыроваткі малочнай наліўной, канцэнтраванай, сухой; канцэнтрату сыроватачнага і малочнага бялку.
Падкрэсліваецца, што забарона ўводзіцца на пастаўкі згаданай прадукцыі ў тары, аб'ём якой перавышае 2,5 літры. Калі аб'ём меншы, забароны на пастаўкі няма.
Расіяне ўжо праінфармавалі пра гэтае рашэнне беларускі бок.