Расіян з будоўлі БелАЭС, якіх падазравалі на COVID-19, выпісваюць з лякарні
З лякарні — у самаізаляцыю / РІА Новости
Рабочых з Расіі, якія пасля станоўчага тэста на каранавірусную інфекцыю больш за тыдзень знаходзіліся на каранціне ў Смаргонскай раённай лякарні, выпісваюць увечары 14 красавіка. Як стала вядома Еўрарадыё, іх пакідаюць на хатнім рэжыме ў Астраўцы.
Трэці тэст на COVID-19, які будаўнікі здалі пасля аднаго станоўчага і аднаго адмоўнага аналіза, апынуўся адмоўным. У рэжыме самаізаляцыі расійскія рабочыя прабудуць два тыдні, а калі зноў змогуць прыступіць да працы — пакуль невядома.
У беларускую лякарню група з 15 расійскіх рабочыш трапіла 8 красавіка, пасля таго, як здалі аналізы на каранавірусную інфекцыю. Пазней высветлілася, што тэст быў прытворнададатны — пра гэта 10 красавіка распавёў міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік.
Па яго словах, абодва вынікі: і станоўчы, і адмоўны — далі тэсты расійскай вытворчасці. Гэта стала яшчэ адной нагодай сумнявацца ў іх якасці. Раней пра ненадзейнасць расійскіх тэстаў на COVID-19 казаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Па яго словах, Беларусь мусіла закупіць яшчэ 30 тысяч тэстаў з Расіі, але перамовы "застопарыліся".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.