Расійскія праваахоўнікі: Нямцова маглі забіць нацыяналісты

Расійская паліцыя атрымала першыя вынікі ў расследаванні справы аб забойстве палітыка Барыса Нямцова. Непадалёк ад месца здарэння знойдзеная машына, з якой стралялі ў апазіцыянера — аператыўнікі і эксперты аглядаюць яе, паведамляе тэлеканал РЕН.

Крыніца ў праваахоўных органах паведаміла агенцтву “Інтэрфакс”, што знойдзеныя на месцы злачынства гільзы, былі зробленыя на розных збройных заводах. То бок, тыя, хто страляў у Барыса Нямцова, не маюць устойлівых каналаў пастаўкі зброі, адзначаюць праваахоўнікі. Таксама яны мяркуюць, што выканаўцы забойства не былі прафесіяналамі.

Паводле расійскай паліцыі, адной з прыярытэтных версіяў забойства з’яўляецца версія аб “дэстабілізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі”, а забіць Нямцова маглі ўльтрарадыкальныя нацыяналісты.

Следчы камітэт Расіі паведаміў, што спецыялісты займаюцца дэталізацыяй тэлефонных званкоў Барыса Нямцова, а таксама вывучаюць запісы камер відэаназірання па ўсім маршруце следавання палітыка, паведамляе Коммерсант-Онлайн.

Забойцы маглі высочваць Нямцова на яго шляху. Як паведамляюць Вести.ru, позна ўвечары палітык выйшаў з бара з 24-гадовай спадарожніцай — ураджэнкай Украіны. На вялікім Маскварэцкім мосце з імі параўнялаўся белы аўтамабіль, з якога забойцы зрабілі некалькі стрэлаў. Ад раненняў палітык загінуў на месцы. На камерах відэаназірання, якія зафіксавалі момант здзяйснення злачынства, было бачна тры белыя машыны. Усе тры паліцыя знайшла амаль адразу ў часе аперацыі “Перахоп”, аднак ніводзін з кіроўцаў транспартных сродкаў не меў дачынення да злачынства. Праваахоўнікі мяркуюць, што забойцы адмыслова зладзілі такую акцыю ў самым цэнтры горада, бо сапраўдную машыну злачынцаў знайшлі толькі на наступны дзень.

Фота: Коммерсантъ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі