Расію вінавацяць ва ўмяшанні ў выбары ў яшчэ адной краіне
З'явіліся прыкметы ўмяшання Расіі ў будучыя прэзідэнцкія выбары ў Мексіцы. Пра гэта заявіў дарадца прэзідэнта ЗША па пытаннях нацыянальнай бяспекі генерал-лейтэнант Герберт МакМастэр, перадае Бі-Бі-Сі. Ён дадаў, што Расія ўмешвалася і ў рэферэндум аб незалежнасці Каталоніі.
Заява МакМастэра прагучала падчас выступу ў амерыканскай няўрадавай даследчай арганізацыі Jamestown Foundation. Падрабязнасцяў расійскага ўмяшання ў мексіканскія выбары дарадца Дональда Трампа не прывёў.
Прадстаўнік Белага Дома падкрэсліў, што Расія "палярызуе дэмакратычныя супольнасці" і нацкоўвае фракцыі ўнутры іх.
Прэзідэнцкія выбары ў Мексіцы адбудуцца сёлета ў ліпені. Паводле апытанняў, фаварытам у выбарчай гонцы лічыцца Андрэс Мануэль Лопес Абрадор, які выступае з антыкарупцыйнымі лозунгамі. Паводле заўвагі агенцтва Reuters, Лопеса Абрадора можна лічыць фаварытам Крамля, мяркуючы па пазітыўных нататках пра яго, напрыклад, у Russia Today — СМІ, якое фінансуецца расійскай дзяржавай.