Раскамнагляд запатрабаваў ад Telegram раскрыць ключы перапіскі карыстальнікаў
"Новая газета"
Раскамнагляд апавясціў Telegram аб "неабходнасці выканання патрабаванняў закона аб прадастаўленні інфармацыі" Федэральнай службе бяспекі (ФСБ) Расіі, паведамляе РІА "Новости".
"Раскамнагляд накіраваў у адрас Telegram Messenger Limited паведамленне аб неабходнасці выканання абавязкаў арганізатара распаўсюду інфармацыі", — сказана ў паведамленні.
У ведамстве кажуць, што ў Telegram 15 дзён на тое, каб даць спецслужбам інфармацыю, неабходную для дэкадавання паведамленняў карыстальнікаў. Па заканчэнні гэтага тэрміну Раскамнагляд можа звярнуцца ў суд для блакавання месенджара.
"Цяпер усё ідзе да таго, што telegram на тэрыторыі Расіі заблакуюць. Заснавальнік месенджара Павел Дураў у любым выпадку не пойдзе на кампраміс і не дасць ключы для дэшыфроўкі. Адзіны варыянт для карыстальнікаў, які застаецца, — гэта ўключаць VPN або proxy-сэрвісы", — лічыць эксперт па кібербяспецы Аляксандр Літрэеў.
Ён удакладніў, што блакаванне Раскамнагляду працуе не так добра, таму ў некаторых карыстальнікаў telegram можа не заблакавацца. Для тых, у каго гэта адбудзецца, у дадатку будзе пастаянна паказваць connecting. Літрэеў бачыць яшчэ адзін магчымы сцэнар развіцця сітуацыі: Yandex і Google могуць проста выдаліць праграму са сваіх крамаў.
Раней Вярхоўны суд адхіліў пазоў Telegram да ФСБ з нагоды скасавання загаду ведамства пра раскрыццё ключоў ад перапіскі карыстальнікаў. Юрысты месенджара настойвалі, што дадзенае патрабаванне парушае таямніцу перапіскі. Аднак у ФСБ заявілі, што інфармацыя для дэкадавання паведамленняў грамадзян у месенджары не з'яўляецца таямніцай перапіскі, што ахоўваецца законам.