Размяшчаць украінскіх дзяцей у Беларусі памагаў Дзіцячы фонд ААН UNICEF
ЮНІСЕФ далучыўся да размяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусі / скрыншот з сайта UNICEF у Беларусі
Беларускае прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (UNICEF) удзельнічала ў размяшчэнні ўкраінскіх дзяцей, вывезеных у Беларусь. Гэта заўважылі магілёўскія праваабаронцы.
Асноўным партнёрам ЮНІСЕФ з'яўляецца Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Кіраўніцтва гэтай арганізацыі прызнала, што ўдзельнічае ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый у Беларусь. А кіраўнік арганізацыі Дзмітрый Шаўцоў з'яўляўся ў "ДНР" у форме ў шаўронам з літарай Z.
У верасні 2022 года прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі паведаміла, што арганізавала размяшчэнне ў аздараўленчых летніках у Беларусі "каля 90 хлопчыкаў і дзяўчынак з Украіны ад 6 да 17 гадоў". Праўда, на сайце ЮНІСЕФ, распавядаючы гісторыі некаторых з гэтых дзяцей, кожны раз удакладняюць, што яны прыбылі ў Беларусь з сем'ямі. Гэта азначае, што гаворка не ідзе пра ваеннае злачынства — дэпартацыю з акупаваных тэрыторый.
Перад Новым годам кіраўнік прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі Рустам Хайдараў і кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў падпісалі трохбаковае пагадненне з "Белпоштай", каб сем'і з дзецьмі з Украіны і Блізкага Усходу маглі хутка атрымліваць матэрыяльную дапамогу ад ЮНІСЕФ праз пошту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.