Разведка ЗША: Расія можа "ўварвацца ў Беларусь, калі палічыць гэта неабходным"
Разведка ЗША абнародавала свой штогадовы даклад па небяспеках у свеце. Над ім працавала эксперты і аналітыкі з 17 дзяржаўных бюро, якія збіраюць інфармацыю для амерыканскага урада, адзначае TUT.by. У ліку транснацыянальных пагрозаў яны назвалі пандэмію COVID-19, змену клімату і забруджванне навакольнага асяроддзя, гандаль наркотыкамі і арганізаваную злачыннасць, міграцыю, сусветны тэрарызм і інш.
Беларусь у дакладзе згадваецца толькі ў кантэксце Расіі. Амерыканскія аналітыкі мяркуюць, што Крэмль будзе старацца пасварыць Штаты з іх заходнімі саюзнікамі. Але Расіі пры гэтым патрэбнае не прамое сутыкненне з ЗША, а гарантыя неўмяшання ва ўнутраныя справы. Акрамя таго, Крэмль хоча, каб Штаты прызналі большую частку былога СССР расійскай сферай уплыву.
Чакаецца працяг супрацы Расіі з Кітаем, рост яе ўплыву ў Сірыі ды Лівіі, Венесуэле і на Кубе, а таксама ў іншых краінах Лацінскай Амерыкі.
"У былым Савецкім Саюзе Масква мае добрыя магчымасці павысіць сваю ролю на Каўказе, уварвацца ў Беларусь, калі палічыць гэта неабходным, а таксама працягваць дэстабілізуючыя намаганні супраць Украіны, у той час як перамовы пра ўрэгуляванне па-ранейшаму не прасоўваюцца і там працягваюцца баі нізкай інтэнсіўнасці", — адзначаецца ў дакладзе.
Расійскіх хакераў амерыканцы лічаць галоўнай пагрозай для ЗША ў галіне кібербяспекі. Яны асцерагаюцца, што Расія можа паўплываць на вынікі амерыканскіх выбараў.
Таксама аналітыкі адзначаюць небяспеку, якую нясуць для ЗША такія краіны, як Іран І Паўночная Карэя. Аднак галоўным сваім канкурэнтам Штаты лічаць Кітай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.