Рэбэка Блад: Важная не колькасць чытачоў, важна, каб яны былі правільнымі

Па якіх прычынах у апошнія гады ўзрасла папулярнасць блогаў?

- Як толькі праграмныя сродкі сталі агульнадаступнымі, як толькі людзі атрымалі магчымасць змяшчаць у Інтэрнэце ўсё, што ім хочацца і пакідаць каментары, гэты сродак зносінаў стаў вельмі прывабным. Чалавек жа запраграмаваны на тое, каб кантактаваць з іншымі людзьмі. У кожнага з нас ёсць свая гісторыя, свае прыхільнасці. Для некаторых – гэта хоббі, для іншых – сям’я, для трэціх – палітыка. Які ўплыў аўтары блогаў аказваюць на амерыканскую палітыку?

- Гэтае пытанне трэба задаваць палітыкам. Існуе некалькі блогаў, якія лічацца ўплывовымі для той ці іншай партыі, хаця блогеры часта перабольшваюць сваё значэнне.

Журналісты таксама схільныя перабольшваць узровень уплыву блогаў. Я лічу, што палітыкі застаюцца палітыкамі. Яны лічаць, што, калі людзі хочуць абмяркоўваць палітычныя праблемы ў Інтэрнэце, то гэта іх справа.

Ёсць меркаванне, што сучасныя блогі – гэта “журналістыка для простых людзей”.

- Блог – гэта пусты кантэйнер. Туды можна змясціць і журналістыку, і белетрыстыку, і наогул любыя выказванні. А журналістыка – гэта, перадусім, практыка. Той, хто выкарыстоўвае дакладныя крыніцы інфармацыі і самастойна іх правярае, займаецца журналістыкай. Але большасць блогераў гэтага не робіць. Іх больш цікавіць выказванне сваіх меркаванняў, чым працэс вывучэння змешчанай інфармацыі.

Блогеры выконваюць некалькі іншую функцыю. Яны прытрымліваюцца пэўнага пунтка гледжання. Яны не зацікаўлены ў падачы аб’ектыўнага погляду на свет альбо гісторыю.

Я думаю, што месца хопіць і журналістам. і блогерам. У новай медыя-прасторы яны могуць суіснаваць. Але большасць блогераў, якія змяшчаюць свае думкі пра падзеі, што адбываюцца, - гэта разнастайнасць паразітаў. Да чаго б яны вывешвалі лінкі, калі б не журналісцкія артыкулы і рэпартажы? Зразумела, блогеры могуць даць факты і самастойна.

Блогеры не баяцца задаваць прамыя пытанні – часам журналісты гэтага не робяць, таму што баяцца згубіць доступ да сваіх крыніцаў і, у любым выпадку, яны ідуць услед за дамінуючым расказчыкам. Часам блогеры пытаюцца: “Чаму вось такое пытанне не было зададзена? Чаму пра гэта не ўзгадалі?”...

Мне здаецца, што ў выніку азначылася некаторае паляпшэнне ў працы журналістаў. Цяпер за іх спінай стаяць блогеры, якія заўважаюць іх памылкі.

Ці існуе неафіцыйны этычны кодэкс блогасферы?

- Я стварыла свой кодэкс і ўключыла яго ў сваю онлайн-кнігу. Жадаючыя могуць яго выкарыстоўваць. Але нейкага адзінага, агульнапрынятага кодэкса этычных нормаў і правіл не існуе. Чытачу трэба быць пільным.

Ці могуць быць нейкія негатыўныя вынікі ў рэвалюцыі блогаў? Напрыклад, працадаўцы цяпер могуць даведацца пра тое, што думаюць іх супрацоўнікі.

- Я проста раю добра падумаць перад тым, як змяшчаць які-небудзь пост. Усё, што трапляе ў Інтэрнэт, становіцца публічным дакументам. Гэта можа мець пэўныя вынікі.

… Калі вы змяшчаеце што-небудзь у Інтэрнэце, то, верагодна, вы не супраць таго, што іншыя людзі будуць чытаць вашыя нататкі. Вядома, вядзенне блога спакушае: у вас з’яўляюцца чытачы, яны пакідаюць каментары, вы фармуеце вакол сябе прыязную супольнасць.

Нейкія высакародныя каментатары сказалі, што блогінг – гэта размова. Але, у любым выпадку, гэта ўсё адно публікацыя. І аўтары блогаў павінны заўсёды пра гэта памятаць.

Што робіць блог паспяховым?

- Паспяховы блогер піша пра тое, пра што людзі хочуць чытаць. Гэта самая дакладная формула, якую я магу вывесці. Звычайна такія блогеры змяшчаюць пасты некалькі разоў на тыдзень альбо кожны дзень, яны не заўсёды больш інтэлегентныя, чым астатнія, яны проста кажуць тое, што хтосьці хоча пачуць. Часам яны сапраўды добрыя аўтары, а часам яны толькі прасоўваюць папулярны пункт гледжання.

… Памер аўдыторыі больш не важны ці не настолькі важны. Я кажу новым блогерам, што важная не колькасць чытачоў, важна прыцягваць правільных чытачоў. Я жадаю лепш мець сем чалавек, якія чакаюць, не дачакаюцца, каб пабачыць тое, што я напішу, і правяраюць мой блог кожны дзень, чым друкавацца ў газеце, якую толькі прагледзяць і праз хвіліну выкінуць у сметніцу.

Зразумела, што большая колькасць людзей можа прачытаць ваш артыкул у газеце, але яны чытаюць газету не з-за вас. А кожны, хто заходзіць на блог, заходзіць туды наўмысна, таму што яго цікавіць тое, што змяшчае дадзены блогер. У выніку, з’явіліся мікра-аўдыторыі, маленькія групы людзей, якія вяртаюцца на пэўны блог дзень за днём. Гэта штосьці абсалютна новае.

Якія перспектывы пераўтварэння блогінгу ў бізнес?

- Вельмі няшмат людзей будуць зарабляць сабе на жыццё такім чынам. Для большасці блогінг застанецца хоббі, і такі стан рэчаў будзе іх задавальняць. Ёсць некалькі чалавек, якія будуць у стане прыцягнуць досыць шырокую аўдыторыю, яны змогуць зарабляць на гэтым грошы. Астатнія могуць толькі спадзявацца на тое, што заробленага з дапамогай блога ім хопіць на аплату хостынга і, магчыма, вячэру раз на месяц.

Як можа адбывацца эвалюцыя блогаў у бліжэйшы час?

- Ведаеце, кожны раз, калі я спрабавала рабіць нейкія прагнозы ў гэтай сферы, я памылялася. Я думаю, што блогі будуць працягваць развівацца, і што людзі будуць і надалей эксперыментаваць з блогамі. Розныя групы прафесіяналаў прыходзяць у гэтую сферу, але многія з іх, адназначна, палічаць гэты досвед за няўдалы.

Але, як мне здаецца, блогі будуць станавіцца ўсё больш папулярнымі. Праз пяць год наша інтэрв’ю не будзе нікому цікавае, таму што кожны будзе ведаць, што такое блог, а кожны другі будзе яго весці.

Поўны варыянт інтэрв’ю Рэбэкі Блад http://www.gipp.ru/opennews.php?id=18393

ДАСЬЕ “ЕЎРАРАДЫЁ”
Рэбэка Блад (Rebecca Blood) - спецыяліст па блогам. Аўтар кнігі "Кіраўніцтва па Блогах" (Weblog Handbook), якая была перакладзена на пяць моваў. Аўтар блога Rebecca`s Pocket, які стабільна з’яўляецца адным з найбольш папулярных інтэрнэт-дзённікаў свету.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі