Рэдактар "Рэгіянальнай газеты" Аляксандр Манцэвіч асуджаны на 4 гады калоніі
Аляксандр Манцэвіч
Галоўны рэдактар "Рэгіянальнай газеты" Аляксандр Манцэвіч асуджаны на 4 гады калоніі агульнага рэжыму і штраф — 14 800 рублёў. "Сваёй віны не прызнаю", — заявіў палітвязень.
Прысуд 3 лістапада агучыў суд Маладзечанскага раёна (суддзя — Аляксей Іршын, дзяржабвінавачанне падтрымліваў памочнік пракурора Аляксандр Марцінчык). Манцэвіча прызналі вінаватым у "дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь". Нібыта ён некалькі гадоў "распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнет-рэсурсах заведама ілжывыя звесткі".
"Чую галасы продкаў, ніколі не здраджваў Бацькаўшчыне, — гаварыў Аляксандр Манцэвіч у апошнім слове. — Я люблю мой народ і маю Беларусь. Знаходзячыся за кратамі, я не змог паставіць помнік бацьку на могілках да гадавіны... Я не летуценнік, але ўпэўнены, што некалі з'явіцца вуліца імя “Рэгіянальнай газеты”, якая мацавала аўтарытэт беларускай нацыі, жыла клопатамі чытачоў і пісала праўду… Няма ніякай маёй віны. Шкада, што я, як дзед, не магу навучыць унука новым беларускім словам. А мая дачка не можа патлумачыць унуку, дзе знаходзіцца яго дзядуля. Але яму не будзе сорамна за дзеда. Шкада газету, якая магла існаваць доўгія гады…".
Манцэвіч за кратамі з 15 сакавіка 2023-га. "Рэгіянальная газета" — вядучае недзяржаўнае грамадска-палітычнае выданне Маладзечна і рэгіёна. У 2022 годзе рэжым Аляксандра Лукашэнкі прызнаў матэрыялы сайта выдання "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.