Рэкорднае падзенне цаны на нафту абрынула расійскі рубель (відэа)
Прычынай стала адмова Арганізацыі краін экспарцёраў нафты скараціць квоты на здабычу "чорнага золата".
Цана на нафту рэзка ўпала пасля таго, як картэль краін-вытворцаў і экспарцёраў нафты ОПЕК (на яе прыпадае 40% сусветнай здабычы нафты) аб'явіў пра сваё рашэнне не скарачаць аб'ёмы здабычы. Пра гэтае рашэнне было аб'яўлена па выніках сустрэчы ў Вене.
Генеральны сакратар ОПЕК Салем Аль-Бадры заявіў, што арганізацыя вырашыла захаваць здабычу на цяперашнім узроўні ў 30 млн барэляў у суткі і не спрабаваць маніпуляваць коштамі пры дапамозе скарачэння вытворчасці. "Так, цана зніжаецца. Гэта не азначае, што нам трэба рабіць паспешныя рухі і спрабаваць штосьці з гэтым зрабіць", — цытуе яго словы ВВС.
Неўзабаве кошт на нафту маркі "Брэнт" апусцілася ніжэй за 72 долары за барэль (71,52) — больш чым на 6% ніжэй, чым было пасля закрыцця мінулых таргоў. Гэта танней, чым яна каштавала на мінімуме, адзначаным у жніўні 2010 года.
Адначасова курс расійскага рубля на Маскоўскай біржы абнавіў гістарычныя мінімумы ў адносінах да асноўных валют. Курс долара ўвечары 27 лістапада перавысіў 48,65 рубля, курс еўра падняўся на 1,21 рубля і ўпершыню ў гісторыі перавысіў адзнаку ў 60 рублёў. Сёння еўра падняўся да 62,031 рубля, курс долара вырас да 49,797.
Адзначым, што з чэрвеня 2014-га цэны на нафту знізіліся на 30%. Расія, якая не ўваходзіць у ОПЕК, можа прыняць рашэнне аб зніжэнні здабычы нафты, каб падтрымаць кошт барэля.
Фота — Reuters