Рэкордная колькасць бязвізавых турыстаў наведала Гродна за тыдзень
За тыдзень з 29 красавіка па 6 траўня Гродна і Гродзенскі раён наведалі амаль 3900 бязвізавых турыстаў. Гэта рэкордная колькасць замежнікаў без візы, якая наведала рэгіён за ўвесь час, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на ўпраўленне спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.
Напрыклад, за аналагічны перыяд мінулага года ў рэгіён прыбылі каля 2500 бязвізавых турыстаў. Па словах гродзенскіх чыноўнікаў, найбольшая колькасць турыстаў прыбывае з краін-суседак — Літвы, Польшчы і Латвіі. Чацвёртае месца займаюць турысты з Германіі.
Ад пачатку 2019 года Гродна і раён наведалі больш за 36,6 тысячы бязвізавых турыстаў. Летась іх было ўдвая менш.