"9мм" прэзентавалі дыск, запісаны сябрамі, з сябрамі і дзеля сяброў (Фота)

120517 Malina 9 mm.mp3

"Хто не набыў дыск, набываем", - падбягае з усмешкай да ўсіх, хто заходзіць у клуб, Аня Хітрык. 16 траўня ў Rocker Bar актрыса ды спявачка ўзяла на сябе ролю бухгалтара гурта "9мм", які прэзентаваў там дэбютны альбом. Дыск інтэлігентных панкаў атрымаў назву "С.П.", што расшыфроўваецца як "Словы праўды". На загалоўную песню альбома гурт зняў кліп, з якога і пачаўся канцэрт.

"Мы прыдумалі шкілет, тое, што мы жадаем, дзве гісторыі, а потым ужо на месцы імправізавалі, - распавядаюць пра кліп музыкі гурта. - Але гэта не канчатковая версія. Мы гэта аўральна рабілі. Проста людзям паабяцалі паказаць, а так атрымалася, што крыху пасунуліся здымкі, на мантаж было мала часу... і вось чалавек тое што паспеў, тое і зрабіў. Напэўна, сорамна так паказваць, але мы далі слова!"

Ідэя роліка – паказаць рэакцыю людзей на словы праўды пра іх. Зняліся ў ім акцёры "Купалаўскага тэатра", з якімі сябруюць музыкі.

"Як гэта ні дзіўна, але наш альбом на 90 адсоткаў запісаны сябрамі, з сябрамі і дзеля сяброў, - прызнаецца трубач Міхаіл Есьман. - І на канцэрце ў нас было 80 адсоткаў сяброў. Крута, вядома, тое, што сябры ёсць, але хочацца, каб прыходзілі не толькі сябры".

Тое, што ў зале збольшага былі знаёмыя гурта, дадала сваёй разынкі канцэрту. Музыкі ўвесь час звярталіся да прысутных па імёнах, падколвалі адзін аднаго, правакавалі... Увогуле, паміж песнямі хлопцы шмат размаўлялі, сыпалі жартамі ды падзякамі ўсім датычным да выдання альбома.

Нават Еўрарадыё трапіла ў гэтыя падзякі, праўда па даволі дзіўнай прычыне. Няма за што, хлопцы! Але нагадайце, калі такое было:)

"Журналісты нас часта папракаюць, што ў нас няма песень на беларускай мове. Сябры, сёння прэм'ера! Песня, праўда, не наша, мы пакуль яшчэ саромеемся пісаць на мове самі. Таму скралі чужую, затое на беларускай мове! Узгадаем дзяцінства, паехалі!" - і зайгралі БТ-шную "Калыханку". Праўда, яе панкавы варыянт! Гучыць гэта вельмі цікава ды смешна, яе нават "на біс" папрасілі ў канцы.

Яшчэ адна цікавостка, заяўленая музыкамі напярэдадні прэзентацыі, - выкананне інтэлігентнага панка разам з дыджэем. Абяцанне выканалі! Праўда, толькі у адной песні... толькі ў якасці інтра для адной з песень.

"Магчыма, калі-небудзь што-небудзь зробім, - наперабой распавядаюць пра будучыя эксперыменты з гучаннем музыкі гурта Міхаіл Есьман ды Сяргей Рудзеня. - Толькі хацелася б больш задзейнічаць электроніку. Калі ўжо выкарыстоўваць электроніку, то яна мусіць быць у тэму, каб яна гучала як песня. Але ад эксперыментаў мы не адмаўляемся! Можа, дудук запросім, ці яшчэ якую-небудзь невядомую рэч, зурну, можа. А можа, як і усе, пойдзем, ды зробім што-небудзь з аркестрам... гадоў праз 20. Ці ўвогуле пакінем гэтыя дудкі, і ўсе пачнём электроншчыну граць. Усялякае можа быць!".

Каб наведвальнікі канцэрта не адчувалі сябе няўтульна, музыкі "9мм" прынеслі з сабой лак ды грабянец. З дапамогай лака на пачатку канцэрта ўсе жадаючыя паставілі сабе іракезы. А перад сыходам з клубу з дапамогай грабянца вярнулі свае ранейшыя прычоскі.

Вельмі дзіўны розыгрыш дыска сярод наведвальнікаў

Каб выканаць песню "Звезда" на сцэну выйшла Аня Хітрык

Адразу пасля канцэрта ў калідоры-грымёрцы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі