Акадэмія навук супраць малюскаў-гермафрадытаў

120620 Martin Parazity_0.mp3

“Калі знізіць колькасць малюскаў, то знізіцца і заражанасць людзей цэркарыямі [Паразіты – заўв. Еўрарадыё]. Трэба рэгуляваць і колькасць птушак. Іх ля берагу не мусіць быць, але іх там кармілі 20 гадоў. Таму прапаноўваем рэгулярна адпужваць птушак. Яны каля берагу зранку і ўвечары. І ў гэтыя гадзіны іх мусяць адпужваць. А таксама выкошваць надводную расліннасць”, - распавядае намеснік генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах, доктар навук Лізавета Бычкова.


Уяўляю, як супрацоўнікі Нарачанскага парку ходзяць а пятай раніцы па беразе і крычаць “Кыш!”. Бо адмысловага абсталявання, каб ганяць качак… не маюць.

“Асноўнае – гэта адпужванне. Ёсць спецыяльныя людзі, якія гэтым займаюцца. Нейкіх установак не выкарыстоўваюць”, - расказваюць у навуковым аддзеле Нарачанскага парку.

Але людзі кормяць птушак. Бо колькі ні пужай, а калі хлеба кінуць, лебедзі ляцяць да берага, скардзяцца ў Нарачанскім парку.

Супрацоўнік Нарачанскага парку: “Праблема больш ад чалавека. Мы просім людзей, каб не кармілі птушак. А людзі прыкормліваюць лебедзяў. Таму даводзіцца неяк гэтую праблему вырашаць”.

Качак напужаць можна, а вось знішчыць малюскаў – не. Бо тыя гермафрадыты, і калі застанецца хаця б адзін, зноў размнажаюцца.

“Малюска змяншай, не змяншай, у іх у адной асобіне і самец і самка, таму колькі іх ні змяншай, усё адно размножацца. Колькі я пра гэта гаварыў, не хочуць слухаць. Тым больш грошы на гэта вялікія выдзяляюцца. А вось адпужваць птушак – гэта разумна”, - кажа доктар біялагічных навук Аляксандр Голубеў.

І раіць абараняцца ад паразітаў в’етнамскай маззю.

Праграма па адпужванні птушак і вылоўліванні малюскаў дзейнічае ўжо некалькі гадоў. І пакусаных паразітамі… стала менш.

“У 2005 годзе захварэлых каля 700 чалавек за сезон. Летась на Нарачы такіх было толькі 37 чалавек”, - агучвае Лізавета Бычкова.

І супакойвае, што хімікаты ў ваду не сыплюць, каб не парушыць экасістэму. Малюскаў вылоўліваюць.

А каб не падчапіць паразітаў, у Нарачанскім парку раяць купацца на пляжах, а пасля вады ісці ў душ. Што праўда, вада ў ім халодная, не кожны адважыцца.

Фота: onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі