Аршанскія актывісты ўпарадкавалі месца масавых расстрэлаў
30 лістапада прадстаўнікі розных партый і арганізацый сабраліся ва ўрочышчы Кабыляцкая Гара.
Урочышча знаходзіцца недалёка ад Оршы, каля пасёлка Андрэеўшчына. У гэтых мясцінах у 1930-50-я гады праводзіліся расстрэлы мірнага насельніцтва. Паводле некаторых дадзеных, тут было 7 ці 8 масавых пахаванняў, але дакладную колькасць ахвяр не ведае ніхто.
Парэшткі забітых людзей былі знойдзеныя ў Кабыляцкай Гары яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя, калі будавалі чыгунку да станцыі Орша-Паўночная. На загад Аршанскага гарвыканкаму ў 1992-м годзе на Кабыляцкай Гары быў усталяваны вялікі помнік-камень. Але зараз добраўпарадкаваннем мемарыялу займаюцца толькі мясцовыя актывісты, паведамляе “Радыё Свабода”.