Беларускае мастацтва ў Вільні: Сёлета сур’ёзна і пра праблемы
Два гады таму беларусы выстаўлялі яркія і радасныя працы, а зараз чорна-белыя і пра складаную сітуацыю ў Беларусі.
У Вільні адкрыўся міжнародны кірмаш сучаснага мастацтва “Арт-Вільня” (ART VILNIUS`11). Беларускі павільён на ім прадстаўляе мінская Галерэя “Ў”.
“Нам было вельмі прыемна атрымаць спецыяльнае запрашэнне на “Арт-Вільню”, – распавядае арт-дырэктар “Ў” Ганна Чыстасердава. – Два гады таму наш павільён быў абраны арганізатарамі адным з самых лепшых. А ў гэтым годзе нас запрасілі нават без усялякіх аплат за арэнду”.
Праект, які выстаўляюць беларусы, называецца “Яна не можа сказаць НЕБА”, курыруюць Сяргей Шабохін, Валянціна Кісялёва, Аляксей Лунёў. Удзельнікамі запрошаныя: АРЧ, Руслан Вашкевіч, Жанна Гладко, Аляксей Губараў, Міхаіл Гулін, Уладзімір Лапо, Гаспар дэ Ло, Аляксей Лунёў, Тамара Сакалова, Ігар Саўчанка, Антаніна Слабодчыкава, Сяргей Шабохін.
“Наш праект будзе прысвечаны тым людзям, якія зараз жывуць у нашай краіне, і нейкім іх пачуццям, разважанням, і таксама адлюструюць тую сітуацыю, якая зараз назіраецца ў нашай краіне, – працягвае Ганна Чыстасердава. – Мы нават жартавалі, што першы наш праект у межах “Арт-Вільні” выглядаў быццам дзіцячы пакой – усё каляровае, яскравае, разнастайнае. А ў гэтым годзе экспазіцыя будзе з большасці манахромная, але будуць, натуральна, і працы ў колеры, ужо зусім “боль і плач” не будзем выстаўляць”.
“Ў”-галерысты запрашаюць усіх наведаць беларускі стэнд. Шукайце яго ў цэнтры ЛітЭкспа пад нумарам 5.12. Працаваць ён будзе з 14 па 17 ліпеня з 11 да 18 гадзін.
Адрас: Lithuanian Exhibition and Congress Centre LITEXPO, Laisves av. 5, Vilnius. Залы 3, 5.
Акрамя выставы, на “Арт-Вільні” можна паўдзельнічаць у шэрагу дыскусій і прэзентацый. Праграму глядзіце на artvilnius.com