Чалы: Лукашэнку ўпершыню няма з чым ісці на выбары
Уладу не купіш у краме. Яе не з’еш і не вып’еш. Ёю не атруцішся... Але незалежны аналітык Сяргей Чалы настойвае, што ў беларускіх уладаў ёсць тэрмін прыдатнасці
Сяргей Чалы: Якім бы добрым ад пачатку ні быў прэзідэнт, як бы добра ён ні адпавядаў інтарэсам народа — калі доўгі час адсутнічае зваротная сувязь з выбаршчыкамі, адбываецца... Называем гэты працэс “адрывам”. А адваротнай сувяззю могуць быць толькі выбары! Ніякія ўсебеларускія сходы ці штогадовыя звароты да народа іх не заменяць.
Еўрарадыё: Адрыў — ад чаго?
Сяргей Чалы: Адрыў ад сітуацыі, якой павінна адпавядаць улада. Калі Лукашэнка ішоў на першы тэрмін, яго лозунг гучаў прыкладна так: “Адвесці краіну ад прорвы”. Ён быў антыкрызісным прэзідэнтам, “прэзідэнтам надзеі”, і гэта было актуальна. Выбары 2001 года праходзілі пад лозунгам “Заробак у 300 долараў”. І гэта таксама адэкватны тэзіс, палітыка прыбытку.
А цяпер сітуацыя дзіўная: усё, што пішуць нашы іміджмэйкеры, афіцыйныя піяршчыкі і ідэолагі — гэта проста жах. Сёлета прэзідэнту ўпершыню няма з чым ісці на выбары!
Еўрарадыё: Гэтыя ідэолагі працуюць дрэнна, ці новы лозунг прэзідэнта прынцыпова не вынікае з рэчаіснасці?
Сяргей Чалы: Пачнём здалёк. Што б мы ні казалі, Лукашэнка ўвойдзе ў гісторыю як вялікі постсавецкі палітык. Ён скарыстаўся распадам СССР лепш за ўсіх! 16 гадоў прайшло, пакуль у Расіі зразумелі, што такое інтэграцыя з Беларуссю. Яны пачалі падлічваць памер падтрымкі, якую забяспечылі беларускай эканоміцы — атрымалася больш за 55 мільярдаў долараў! Ніхто не здолеў “наварыць” на імперскіх амбіцыях расіян больш чым Беларусь.
Але час ідзе. Сітуацыя зараз зусім іншая, і метады, якімі беларускі прэзідэнт раней карыстаўся ў знешняй палітыцы, больш не працуюць. У Расіі банальна больш няма чым плаціць за беларускі эканамічны цуд, і гэта яскрава ілюструе камедыя з Мытным саюзам. А, з іншага боку, скончыліся трэнды, з якімі Лукашэнка працаваў ва ўнутранай палітыцы.
Еўрарадыё: Асабіста мне не бачна, што ў краіне неяк прынцыпова змянілася палітычная сітуацыя...
Сяргей Чалы: Калі зусім па-простаму, ёсць такое паняцце — легітымнасць. Гэта адказ на пытанне, чаму людзі лічаць улады ўладамі, а не хапаюцца за сякеры. У Беларусі падтрымку насельніцтвам улады забяспечваў сацыяльны кантракт: вы, людзі, не лезеце ў палітыку, а мы вас за гэта кормім. У СССР гэта называлася “гуляш сацыялізму”: дабрабыт замест ідэалогіі.
Нашы ўлады засвоілі гэты трэнд у 2001 годзе, калі перахапілі перадвыбарны лозунг у апазіцыянераў. Тыя паабяцалі сярэдні заробак у 200 долараў, а Лукашэнка — у 300. І ў выніку ён перамог. Цяпер нам паабяцалі 500 долараў. Але — ўвага! У цяперашняй эканамічнай сітуацыі такі заробак забяспечыць папросту немагчыма!
Еўрарадыё: Чаму ўлады не разумеюць, што прыйшоў час змяніць трэнд?
Сяргей Чалы: Да пэўнага часу ніякай неабходнасці ў гэтым не было, бо расійскі нафтавы дождж дазваляў паспяхова ствараць бачнасць стабільнасці і дабрабыту. Але ён скончыўся. І, насамрэч, Лукашэнка разумее гэта. Зноў звярніце ўвагу на лозунгі: Беларусь больш не “сацыяльна-арыентаваная” краіна, а “экспартна-арыентаваная”. І “сацыяльная арыентацыя” сустракаецца ў прамовах чыноўнікаў усё радзей — падтрымліваць былы набор сацыяльных гарантый ураду больш нязручна.
Еўрарадыё: Сацыяльныя гарантыі маюць вырашальную важнасць не для ўсіх. Ад пачатку “сацыяльна-арыентаванай” дзяржавы за іх найбольш трымаліся людзі перадпенсійнага ўзросту і старыя. Гэта добры электарат, які стала ходзіць на выбары... Але прайшло 9 гадоў. І людзі гэтыя істотна пастарэлі.
Сяргей Чалы: Пенсіянеры займаюць самыя “салодкія” месцы і ў дзяржструктурах, і на прадпрыемствах (якія насамрэч не з’яўляюцца прадпрыемствамі і прыносяць іх менеджэрам не прыбытак, а рэнту, якую забяспечвае падтрымка ўладаў). Ніякіх сацыяльных ліфтаў для моладзі за гады незалежнасці не створана. Толькі штучны БРСМ, які мусіў бы выконваць функцыю ўключэння лаяльнай моладзі ў эліту. Але, на маю думку, нічога акрамя сораму гэтая моладзь у перспектыве не атрымлівае.
Такім чынам, “вяршыня” грамадства надзейна “зацэментаваная” старым пакаленнем. Але нюанс у тым, што ў гэтай структуры любыя змены азначаюць перадзел уплываў. Бо чалавек, які прыходзіць на вызваленую пасаду, атрымлівае ў спадчыну толькі месца, а не нефармальныя сувязі. А памер рэнты залежыць менавіта ад таго, якое дзяржаўнае ведамства больш уплывовае.
Еўрарадыё: Але за гады прэзідэнцкіх тэрмінаў Лукашэнкі пасталелі не толькі пенсіянеры. Прыбавілі ва ўзросце і тыя, каму было па 25-35 гадоў!
Сяргей Чалы: Калі раней яны маглі б пайсці ў бізнес — цяпер такой магчымасці няма, усе месцы там занятыя. Добра, можа тады пайсці ў дзяржструктуры, перакладаць паперкі ў якім-небудзь выканкаме? Але і там рэзкія скарачэнні. Мясцовыя выбары паказалі, што палітычнай канкурэнцыі ў краіне таксама няма, хаця тое, колькі сярод кандыдатаў было моладзі, сведчыць пра яе палітычныя амбіцыі... І таму зацэментаваную вяршыню грамадства падпірае вельмі нетрывалы падмурак, прапанаваць якому што-небудзь вартае ўлады не могуць.
Еўрарадыё: Эканамічныя трэнды ўнутранай і знешняй палітыкі вычарпаныя. Што рабіць чалавеку, які іх атаясамліваў?
Сяргей Чалы: Паўстае задача радыкальнай змены курса. Трэба знайсці новае месца і для Беларусі, і для яе ўладаў. Пакуль жа ўлада неадэкватна рэагуе на выклікі. У сітуацыі, калі патрэбна карэнная перабудова эканомікі, яна змагла нарадзіць толькі пытанні якасці. Але памяняць, нічога не змяняючы, гэтым разам не атрымаецца. Мы не ў той сітуацыі, калі дасягнуць эканамічнай эфектыўнасці можна, не ахвяраваўшы палітычнай стабільнасцю.
Еўрарадыё: Але дзе шукаць гэта новае месца? Расія перажывае не лепшыя часы. Але тое ж можна сказаць пра Еўропу...
Сяргей Чалы: Так, і ўплыў з Захаду істотна паслабеў. Але гэта не істотна, бо дакладна так жа, як і ўлады, за 16 гадоў маральна “пратэрмінавалася” і беларуская апазіцыя. Яна ўтульна сябе адчувала побач з “рэжымам”. Выбары для яе ў большасці выпадкаў былі спосабам забяспечыць свой дабрабыт да наступных выбараў. А найбольшай небяспекай для яе становішча была б менавіта перамога на выбарах... Цяпер яны гэтак жа састарэлі разам з уладай. І тое, што яны па-ранейшаму глядзяць на Захад, які не прапануе ніякіх выйсцяў, гэта пацвярджае.
Еўрарадыё: Сутнасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што ў Беларусі больш не атрымаецца балансаваць паміж Захадам і Ўсходам. То бок, балансаваць можна, але профіту ад гэтага не будзе ніякага.
Сяргей Чалы: Нам ужо хопіць балансаваць. Нам час знайсці самастойнасць і спадзявацца толькі на свае сілы. Хто мы такія, што ўяўляем з сябе? Калі мы не скарыстаем сённяшні шанец, краіна пяройдзе ў паступовае гніенне. “Маразм” перадпенсійнай эліты разам з адсутнасцю вертыкальных ліфтаў прымусіць сацыяльна актыўнае насельніцтва міграваць. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што чвэрць беларусаў ва ўзросце ад 25 да 35 гадоў гатовы з’ехаць з нашай краіны.
Пры нашым дэмаграфічным становішчы гэта азначае, што будучыні ў нас проста не будзе. Нават калі мы знойдзем выйсце і складзем слушныя праграмы, не будзе на каго абаперціся. “Не будзе кім узяць!”, — калісьці казаў Аляксандр I. Спяранскаму.
Еўрарадыё: Ці ёсць шансы на новы курс падчас прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі?
Сяргей Чалы: Лукашэнка ў плане пошуку новых курсаў ідэальны палітык. У яго амаль няма ўласных перакананняў — усе яго перакананні інструментальныя. Ён, як камертон, ловіць усё, што адбываецца навокал, і карыстаецца найбольш удалым. Старая ісціна: “Не можаш перамагчы — трэба ўзначаліць!” І я думаю, што апошнія год - паўтара ён думае над кардынальным паваротам.
Таму трэба хутчэй пытацца, ці магчымы ўвогуле новы курс без яго. Але што значаць “пратэрмінаваныя” ўлады? Яны як карабель, які задоўга плаваў па акіяне, расхістаўся, аброс ракавінкамі. Згубіў у манеўранасці і ў хуткасці. Да таго ж, у нас усе гэтыя гады працаваў прынцып адваротнага адбору: эліта фарміравалася па прынцыпе лаяльнасці, а не па прынцыпе кампетэнтнасці. У тым ліку і ў эканоміцы. Таму і не засталося ў дзяржапараце эканамістаў, якія маглі б сказаць “не”. Без Аляксандра Лукашэнкі большасць гэтых людзей — ніхто.
Я лічу, што цалкам верагодна, што ўлетку мы пабачым прэзідэнта, які размаўляе на беларускай мове і кажа, напрыклад, пра еўрапейскую Беларусь. Але што будуць рабіць усе тыя флюгеры, чыё знаходжанне на самым версе абумоўлена здольнасцю лавіць вецер? Да такой змены курса, які нам патрэбны, не прыстасуешся.
Еўрарадыё: Дык што, далей няма куды? Куды трэба развярнуцца — прыкладна зразумела, але развярнуцца немагчыма?
Сяргей Чалы: У бліжэйшай перспектыве гэты разварот азначае вялікі сацыяльны дыскамфорт. Будзе цяжка, і гэта таксама наступствы “пратэрмінаванасці” ўладаў. Бо за 16 гадоў мы вытворчасць з самай высокай дададзенай вартасцю з усіх рэспублік былога СССР пераўтварылі ў сыравінную. Плюс на 2012-2013 гады прыпадае пік выплат па знешняй пазыцы. Гэта ляжа дадатковым грузам на бюджэт. Значыць, давядзецца зноў скарачаць сацпакет.
Еўрарадыё: Я так і не зразумеў, ці можа Лукашэнка задаць “пратэрмінаванай” уладзе новы курс?
Сяргей Чалы: Гэта было б у яго стылі. Над гэтым часта смяюцца, але ў Лукашэнкі ёсць пэўнае ўяўленне пра уласную гістарычную місію. Ён не можа быць прэзідэнтам без звышідэі. Як раней была інтэграцыя з Расіяй, а цяпер — суверэнітэт. Глядзіце, які ўжо адбыўся разварот! Так, я думаю, ён мог бы ўзначаліць новы трэнд.
Еўрарадыё: Які трэнд?
Сяргей Чалы: Стварэнне “праліўнай дзяржавы” (у азначэннях Эмануіла Валерстайна), не арыентаванай ні направа, ні налева. Фактычна цяпер для гэтага ёсць усё: і два саслабелыя полюсы навокал, і эканамічныя падмуркі ў выглядзе венесуэльскай нафты.
Еўрарадыё: Што гэты трэнд зменіць на практыцы?
Сяргей Чалы: Павінна рэзка павысіцца наша канкурэнтаздольнасць. У нас скончацца сродкі на падпітку “валастваральных” заводаў. Прадпрыемствы, якія пілілі на датацыі знешнюю фінансавую дапамогу, застануцца без датацый увогуле і мусяць канкураваць. Калі мы знойдзем месца ў сусветным падзеле працы — наша шчасце. Калі не знойдзем — будзе ў нас вялікая Малдова. Паступовая дэіндустрыялізацыя, высокае беспрацоўе, татальная эміграцыя і ў выніку вялікая колькасць гастарбайтэраў, якія падтрымліваюць сваіх старыкоў, якія трымаюцца тут на падножным корме.
Еўрарадыё: Чым запоўніцца новая беларуская эканоміка?
Сяргей Чалы: Прадуктыўны трэнд — гэта замест дэіндустрыялізацыі зладзіць постіндустрыялізацыю. Нашы ўлады, здаецца, пра такі паварот і не думалі яшчэ. Вызваленне энергіі прадпрымальнікаў можа даць велізарны эфект. Сфера паслуг у нас не развітая. Гатэляў нармальных няма, акрамя напаўпустых “калосаў”. Нашы банкі маглі б абслугоўваць інтарэсы расіян, якія не жадаюць трымаць грошы ўнутры краіны. Калі мы зможам развіць хаця б усё гэта — магчыма, здолеем нарэшце жыць на ўласныя сродкі.
Аднак рашыцца на такія перамены вельмі цяжка. Вельмі не проста нават сказаць людзям, што заробак, які яны цяпер атрымліваюць на прадпрыемствах, — гэта не заробак, а сацыяльная дапамога. Вось ёсць у нас кампанія “Гавары праўду”. Дык няхай яна гэтую праўду людзям і скажа! Няхай патлумачыць рабочым, што то, што яны атрымліваюць, яны насамрэч не зарабілі з пункту гледжання рэнтабельнасці іх працы...
Еўрарадыё: Асноўная роля ў гэтых пераменах будзе належыць людзям, якім цяпер ад 25 да 35 гадоў?
Сяргей Чалы: Так, абапірацца трэба на тых, хто яшчэ не думае пра пенсію. На людзей, якія яшчэ могуць думаць пра развіццё. Тых, хто можа дазволіць сабе ахвяраваць некалькімі цяжкімі гадамі для таго, каб пасля пачаліся гладкія гады. Пенсіянеры такога сабе дазволіць не могуць. Для іх бліжэйшыя гады, магчыма, апошнія... Менавіта таму іх галасаванне з кожным годам робіцца ўсё больш блізарукім.
А сацыяльна актыўным людзям можна паабяцаць вертыкальныя ліфты па прынцыпе прафесіяналізму і, такім чынам, замяніць “пратэрмінаваную” эліту. Магчыма, Беларусь здолее абаперціся і на тых людзей сярэдняга ўзросту, хто ўжо эміграваў, але будзе не супраць вярнуцца з-за мяжы.
І, хутчэй за ўсё, асацыявацца гэты трэнд павінен з кандыдатам таго ж узросту. Я нагадаю: калі мы абіралі Лукашэнку, яму было ўсяго 39 гадоў.
На месца Пракаповіча прыйдзе новая Віннікава?
Мытны саюз — гэта
ўдар па Беларусі адразу з двух бакоў
Сёлета Беларусь і
Расія яшчэ двойчы счэпяцца за энергарэсурсы
Сёння вырашаецца лёс
усёй беларускай эканамічнай мадэлі