De Phazz у Мінску: застольныя танцы пад эйсід-джаз

Пасля адмены канцэрта De Phazz ў кастрычніку, мінскія аматары эйсід-джаза засумняваліся, ці прыедуць увогуле да нас славутыя немцы. Апантаныя фанаты гурта абавязкова ўзгадаюць канцэрт De Phazz у Палацы рэспублікі 3 гады таму, калі ахова залы амаль да самага канца імпрэзы забараняла гледачам танчыць і нават падымацца са сваіх месцаў. Таму, калі ўрэшце новы выступ анансавалі не ў “сядзячай” зале ДК МАЗ, а ў клубе “Мулен Руж” фанаты выдыхнулі — няўжо нарэшце можна будзе патанчыць?

Сюрпрызам як для гледачоў, так, бадай, і для саміх музыкаў стала тое, што танцпол аказаўся напалову застаўлены доўгімі сталамі з ежай і напоямі. Гэта — так званы партэр для V.I.P.-гасцей. Можа з-за гэтага, увесь канцэрт не пакідала адчуванне, што мы знаходзімся на чужым вяселлі. Музыкі гурта з’явіліся на сцэне з 1,5-гадзінным спазненнем, і, калі ўжо любы выхад гурта стаў бы цудам, пад адмысловае відэа і “туман” на сцэне з’явіўся чалавек-машына са шкляным кубам на галаве, саксафаніст De Phazz і, нарэшце, вакалісты.

 

 

Пасля выканання некалькіх кампазіцый і “пасмакаваўшы” атмасферу “Мулен Руж” вакалістка De Phazz звярнулася да гледачоў:

“Наступная кампазіцыя — гэта песня свабодалюбівага народа, гэта рэгі. А вы, людзі ў першым шэрагу, вы вось сядзіце і ясце, “высокая” публіка”, — “троліць” са сцэны Пэт Эплтан. Людзі за столікамі кінулі жаваць, заапладзіравалі і стала зразумела, што гэты жарт прайшоў міма. — А, вы не зразумелі, хахахаха!”

 

 

Дарэчы, гэтая песня была адной з нямногіх новых кампазіцый з апошняга альбома гурта "Audio Elastique", нягледзячы на тое, што музыкі нібыта выступалі ў Мінску ў межах тура ў падтрымку пласцінкі. Таму праграма, хутчэй, нагадвала адаптаваны для нашых шыротаў варыянт “The Best”. Адчувалася, што музыкі не надта напружваліся ці хацелі спадабацца і без таго зачараванай мінскай публіцы: недзе запусцілі фанаграмку, недзе — задурылі галаву спецэфектамі і лішні раз пераапрануліся (для антуражу).

 

 

“Ты мяне на мінулым канцэрце De Phazz бачыла? Вось, і цяпер бачыш. Я ў тэме! — каментуе выступ музыка Аляксей Зайцаў і прыгадвае той самы візіт De Phazz у Мінск, калі гурт выступіў у Палацы Рэспублікі ў 2009 годзе. — Але, натуральна, той канцэрт быў лепшы, на маю думку. І па гуку, і нават, што не дзіўна, па атмасферы. Але я ўсё роўна люблю De Phazz, у машыне ёсць тры іх альбомы, заўжды слухаю!”


Тым часам вакліст гурта Карл Фрыерсан расхвальвае мінскую публіку, дзякуе фанатам за вернасць, бясконцую колькасць разоў кажа “спасібо” і, падтрымаўшы бас-гітарыста, які зачапіўся за прыступку сцэны і ледзь не паваліўся, дадае сальны жарт: “Мабыць, ён выпіў шмат гарэлкі сёння”. Гледачы на танцпляцы здзіўлена перашэптваюцца: відавочна, жыццё ва Украіне Карлу Фрыерсану не на карысць.

 

 

Мульціінструменталіст і кіраўнік бігбэнда мінскай музычнай вучэльні Аляксандр Ліпніцкі застаўся ў захапленні ад жывога выступу "De Phazz" і нават задумаўся пра тое, каб развучыць якую-небудзь з кампазіцый гурта са сваім аркестрам.

“Жывы канцэрт De Phazz я сёння паглядзеў, адчуў і правібрыраваў упершыню, — кажа Саша. — І, апошнім часам, мне найбольш падабаецца іх альбом з бігбэндам. Увогуле, было крута, неверагодна! Мне было цікава паглядзець, у якіх прапорцыях жывая музыка De Phazz спалучаецца з электроннымі міксамі. Атрымалася ўсё прадумана, стыльна і лаканічна”.

 


Пасля гадзіннага выступу музыкі нечакана сышлі, перачакалі некалькі доўгіх хвілінаў, і зноў з’явіліся на сцэне з легендарным хітом “The Mambo Craze”. І вось тут ужо, здавалася, усе кінуцца танчыць, настолькі запальным быў голас Пэт Эплтан, а Карл Фрыерсан нават спусціўся ў залу. Але ж гледачы за столікамі працягвалі прытопваць нагой ды пляскаць у далоні на сваіх месцах.

Як вынік — вельмі прыгожае відэа, men-machine адказны за спецэфекты, шыкоўныя вакалісты. Але ўсё ж не пакінула адчуванне, што музыкі адыгралі ў Мінску “лайт-версію” праграмы.

“У выніку, я ў чарговы раз пераконваюся, што ўсіх гэтых “электроншчыкаў” трэба слухаць у запісе. Канцэрты — гэта ўсё не тое. — Дзеліцца ўражаннямі ўладальнік студыі “ОСМОС” Павел Юрцэвіч. — Як і калісьці The Chemical Brothers на “Сігеце” проста зладзілі вялікую дыскатэку. Так, калі ты бухі — можна і патанчыць! А калі ты адмыслова прыйшоў на іх выступ… Можа быць, тут ім проста не хапіла месца для шоў”.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі