Дэлегацыя федэрацыі баскетбола вярнулася з Літвы без кантракта
Больш за тры месяцы жаночая сборная па баскетболе застаецца без галоўнага трэнера.
Нагадаем, што галоўны прэтэндэнт на пасаду галоўнага трэнера — літовец Рымантас Грыгас. Ён працуе асістэнтам у екацярынбургскім клубе УГМК. Кандыдатура 49-гадовага трэнера была прызнаная аптымальнай ў пашыраным спісе, які ўключаў каля 15 прозвішчаў.
Планавалася, што да 8 сакавіка ўдасца зрабіць падарунак жаночай зборнай. Напярэдадні ў Літву паляцела беларуская дэлегацыя. Але не атрымалася...
“На дадзены момант пакуль яшчэ не падпісалі. Пакуль перамовы працягваюцца”, — паведаміла Еўрарадыё выканаўчы дырэктар Федэрацыі баскетбола Таццяна Мацко.
Жаночая зборная Беларусі па баскетболе засталася без трэнера яшчэ ў мінулым годзе. У лістападзе Анатоль Буяльскі абвясціў, што не мае намеру працягваць кантракт.
Пад кіраўніцтвам Буяльскага жаночая зборная Беларусі стала бронзавым прызёрам чэмпіяната Еўропы 2007 года, заняла 6-е месца на Алімпіядзе ў Пекіне, а ў 2010 годзе ўвайшла ў чацвёрку лепшых камандаў свету.