Дэльфін: Пачынаць мяняцца трэба з уласнай маленькай перамогі

16 сакавіка ў Re: Public выступае Дэльфін — самы неразгаворлівы музыка расійскай альтэрнатыўнай сцэны. Ведаючы пра тое, што Андрэй не любіць кантактаваць з прэсай, Еўрарадыё ўсё ж рызыкнула папрасіць аб інтэрв'ю. Мы не пралічыліся!

Еўрарадыё: Распавядзіце, якую праграму везяце у Мінск гэтым разам.

Дэльфін: Мы не расчаруем тых, хто прыйдзе. Будуць і новыя трэкі з нашай пласцінкі "Существо", і трэкі з больш ранніх альбомаў. Нават вельмі старыя будуць кампазіцыі, якія мы часам граем у апошні час.

Еўрарадыё: Але ж год таму вы ўжо прывозілі "Существо" ў Мінск. Складана ставіцца да гэтага альбому як да новага.

Дэльфін:
Мы да гэтага часу не ўсе песні з пласцінкі "Существо" гралі на канцэртах. Па-мойму, толькі палову... І цяпер хочам другую палову ўвесці ў строй.

Еўрарадыё: Можа быць, ужо гатовае нешта звышновае?

Дэльфін:
Не, пакуль яшчэ няма. Мы цяпер думаем, якой магла б быць наша новая пласцінка. Вядзем музычныя эксперыменты. Але пакуль тое, што мы робім, нас не задавальняе. Гэта нармальны працэс. Галоўнае — што-небудзь рабіць, і тады да чагосьці абавязкова прыйдзеш.


"У Мінску я ў першы раз выйшаў на прафесійную сцэну"

 

Еўрарадыё: Ваш канцэрт у Мінску, які мае адбыцца — пяты за апошнія пяць гадоў. Вы паспяваеце нешта ў нас паглядзець?

Дэльфін:
У Беларусь заўсёды вельмі прыемна прыязджаць. Заўсёды едзеш сюды са спакойным сэрцам. І, наколькі я памятаю, у Беларусі, менавіта ў Мінску я ў першы раз выйшаў на прафесійную сцэну. Гэта было неверагодную колькасць гадоў таму, гэта быў сольны канцэрт гурта "Мальчишник".

Еўрарадыё: Дык усё ж такі ёсць нейкія ўражанні ад Мінска? Ці кожны прыезд праходзіць па схеме "прыбыццё — саўндчэк — канцэрт — ад'езд"?

Дэльфін:
На жаль, менавіта так усё і адбываецца, як вы кажаце. Але бываюць і выключэнні, і тады мы просім хлопцаў, якія нас запрашаюць, чым-небудзь нас здзівіць. У Мінску мне адзін раз удалося трапіць на вечарыну ў кватэру да мастакоў. Гэта была вельмі прыемная вечарынка.

Еўрарадыё: Мастакі былі маладыя?

Дэльфін:
Розныя. Адзін час мой прыяцель працаваў консулам у мінскім пасольстве, і ён быў з імі знаёмы. Я не памятаю імёнаў, але і ў мяне атрымалася пазнаёміцца з імі, паглядзець цікавыя карціны.

"Што тычыцца музыкі, забароны — гэта ўдвая няправільна"

 
Еўрарадыё: Палітыкі часта называюць беларусаў і расіян братамі. Адчуваеце што-небудзь братэрскае ў адносінах да нашай краіны?

Дэльфін:
Гэтыя ўсе словы лепш пакінуць палітыкам. У любой краіне ёсць нармальныя людзі і ёсць, мякка кажучы, не вельмі. І нармальныя людзі на любым узроўні знаходзяць паміж сабой агульную мову: на культурным, на дзелавым... А палітыкі займаюцца балбатнёй, і мы выдатна разумеем, навошта яны ўсё гэта кажуць.

Еўрарадыё: Ці чулі пра "чорныя спісы", у якіх знаходзяцца непажаданыя для ўлады беларускія музыкі? Як ставіцеся да таго, што музыку можна забараніць?

Дэльфін:
Я думаю, што любыя забароны — гэта, хутчэй, адмоўная, чым станоўчая рэч. Людзі павінны самі прыходзіць да таго, што можна рабіць, а што нельга, і самі сябе кантраляваць. А што тычыцца музыкі, забароны — гэта ўдвая няправільна. І той, хто гэта робіць... Ім павінна быць проста сорамна за такія прынятыя рашэнні.


"Усё тое, пра што я кажу, — вельмі проста"

 
Еўрарадыё: Для фанатаў канцэрт — гэта магчымасць падыхаць з вамі адным паветрам. А вы чаго чакаеце ад гледачоў?

Дэльфін:
Заўсёды прыемна бачыць спагадлівага гледача. І мы заўсёды хвалюемся і баімся, што што-небудзь пойдзе не так.

Еўрарадыё: У мінулым годзе за ўвесь канцэрт у Мінску вы не сказалі са сцэны ні слова...

Дэльфін:
Гэта адбываецца кожны канцэрт. Гэта нічога не значыць.

Еўрарадыё: Гэта з-за ашчаднага стаўлення да музыкі? Ці баіцеся нешта сапсаваць?

Дэльфін:
Мне заўсёды было дзіўна глядзець на людзей, якія знаходзяць у сабе смеласць казаць нейкія дзіўныя словы, звяртаючыся да гледачоў. Калі ўжо ты выйшаў на сцэну, табе ёсць што сказаць тым, што ты робіш. А нейкія дапаўненні да гэтага выглядаюць як клаунада. Праўда, бываюць артысты, якім гэта клаунада неабходная для падтрымання іміджу... Але гэта зусім іншая гісторыя.

Еўрарадыё: Мне заўсёды здавалася, што так артыст можа дапамагчы гледачам зразумець тое, што ён хоча сказаць.

Дэльфін:
Усе словы, якія я выкарыстоўваю, і ўсё тое, пра што я кажу, — вельмі проста. І я катэгарычна супраць залішняй надуманасці, залішняй сэнсавай зашыфраванасці. Я стараюся заўсёды быць вельмі зразумелым перад тымі, перад кім стаю. Мне здаецца, што быць яшчэ больш зразумелым проста дрэнна.


"Мяняць свет вакол сябе — гэта асноўная задача чалавека"


Еўрарадыё: Вашы першыя сольныя альбомы выйшлі яшчэ ў 1990-я, калі ў аўдыторыі яшчэ было шырокая савецкая адукацыя, калі можна было спадзявацца, што нават складаную метафару або асацыятыўны шэраг зразумеюць усе. Цяпер маладыя людзі ў адукаванасці моцна страчваюць, а вы працягваеце пісаць сур'ёзныя тэксты. Ці адчуваеце вы, як слухач песень мяняецца?

Дэльфін:
Нармальна, што тыя людзі, якія выбіраюць нашу творчасць, у чымсьці і самі... Не, не простыя. Але гэта выдатна, калі ў іх пасля праслухоўвання пласцінкі ўзнікае жаданне глыбей зразумець. Гэта значыць, што гэтыя людзі сумняваюцца. Шукаюць адказы на нейкія ўласныя пытанні. І не хочуць стаяць на месцы, пакідаць незразумелыя на першы погляд моманты без адказу. Гэта вельмі добра.

Еўрарадыё: Як часта ў вашым жыцці здараюцца перамены?

Дэльфін:
Увесь час змяняцца і пастаянна мяняць свет вакол сябе — гэта асноўная задача чалавека. Мяняць сваё асяроддзе, свет унутры сябе. Да чаго гэтыя змены могуць прывесці — гэта іншая гісторыя. Але галоўнае — каб змены адбываліся. Гэта абавязковая ўмова існавання.

Еўрарадыё: А што можна ўзяць за кропку адліку ў гэтым руху?

Дэльфін:
Уласную маленькую перамогу над нечым. Зафіксаваць для сябе гэты факт і ў наступны раз зрабіць лепш, чым зрабіў раней.

Фота: Уладзімір Цеплякоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі