Дом на Пляханава адбудоўваюць пад наглядам міліцыі (фота)

Праз тыдзень пасля здарэння пляцоўка каля 10-га пад’езда агароджаная, пастаўленая бытоўка. Праезд на імправізаваную будпляцоўку ахоўваюць міліцыянты. Калі яшчэ ў сераду падыйсці да дзвярэй пад’езда можна было, то зараз прапускаюць толькі будаўнікоў. Тлумачаць небяспекай знаходжання паблізу аварыйнага пад’езда. Будаўнікі падагналі да яго кран і пераносяць на дах неабходнае абсталяванне, а таксама разбіраюць завалы ў кватэры, дзе 23 лютага адбыўся выбух.

Жыхары аварыйнага пад’езда ў размове з Еўрарадыё паведамляюць, што навінаў пакуль няма. Гарадскія ўлады ўжо некалькі дзён не выходзілі на сувязь. Чакаецца, што на наступным тыдні жыхары будуць абыходзіць свае кватэры разам з экспертамі, якія ацэняць нанесеную падчас здарэння шкоду.

Тым часам гарадскія ўлады сутыкнуліся з праблемай — пакуль не аб’явіўся ніхто з родных загінулай сям’і. Мяркуецца, што на месцы выбуху былі знойдзеныя рэшткі Ігара і Зоі Трушкевічаў (1966 і 1941 гадоў нараджэння адпаведна). Мінгарвыканкам просіць родных гэтых людзей адгукнуцца па тэлефонах 285-13-89, 223-27-28, 223-58-04, 223-93-28.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі