Дудараў: У журы конкурса галасавалі тыя, хто не бачыў ніводнага спектакля
Еўрарадыё разбіралася ў скандалах і адкрыццях Нацыянальнай тэатральнай прэміі.
“Гродзенскі лялечны для тэатральнай грамадскасці — гэта далёка не перыферыйны тэатр. Усе заўсёды сочаць за тым, што там адбываецца”, — кажа тэатральны крытык Алена Мальчэўская.
Пастаноўка тэатра “Пікавая дама” была прызнаная лепшай у Беларусі і атрымала Нацыянальную тэатральную прэмію. Няслабы выклік для разрэкламаваных сталічных тэатраў.
Таццяна Арлова, якая ўваходзіла ў журы конкурсу, расказвае, што ў Беларусі лялечныя тэатры даўно абагналі драматычныя.
“Ну вось, яны добра развіваюцца. Драматычныя ў Беларусі крыху буксуюць. Некалькі на рэканструкцыі стаяць, што не дазваляе нармальна развівацца”.
Як кожная прэмія, тэатральная не абышлася без скандалаў. Перад самым конкурсам Купалаўскі тэатр раптам з’ехаў на гастролі ў Францыю. У яго адміністрацыі гэта тлумачаць тым, што першапачаткова конкурс планаваўся на кастрычнік, і толькі ў апошні момант быў перасунуты на лістапад. Адмяніць гастролі ўжо немагчыма.
Узніклі пытанні і да журы. Па-першае — са 112 членаў у Мінск здолелі даехаць толькі 97. А па-другое, нават з гэтых 97-мі не ўсе хадзілі на прагляды. Старшыня журы Аляксей Дудураў расказвае, што гэта не перашкодзіла ім прагаласаваць за намінантаў.
“Ёсць тыя (Члены журы — Еўрарадыё), якіх я на праглядах не бачыў ніводнага разу. Я не буду называць іх прозвішчы. Яны вядомыя і таленавітыя людзі. Але я не бачыў ніводнага разу іх на праглядах. Можна дапусціць, што гэтыя члены журы бачылі мінскія спектаклі. Але што яны бачылі абласныя… Тым не менш, яны прыйшлі, ўзялі бюлетэні і прагаласавалі”.
Дудараў дадае, што ў наступным годзе склад журы можа быць зменены і скарочаны. Драматург прапаноўвае ад кожнага тэатра накіраваць па двое заслужаных вядомых дзеячаў, праца якіх на конкурсе будзе адпаведным чынам аплачвацца.
Як даведалася Еўрарадыё, убачыць “Пікаваю даму” на ўласныя вочы даволі няпроста, нават нягледзячы на нізкі кошт квіткоў — усяго 20 тысяч рублёў. Паказваюць спектакль у Гродне ўсяго 1-2 разы на месяц, а квіткі раскупляюць на месяц наперад. Ажыятаж зусім як у сталічных тэатрах. Адно, што прэмій такіх яны не атрымлівалі, і кошты да 700 тысяч рублёў за квіток даходзяць.
“Ёсць тыя (Члены журы — Еўрарадыё), якіх я на праглядах не бачыў ніводнага разу. Я не буду называць іх прозвішчы. Яны вядомыя і таленавітыя людзі. Але я не бачыў ніводнага разу іх на праглядах. Можна дапусціць, што гэтыя члены журы бачылі мінскія спектаклі. Але што яны бачылі абласныя… Тым не менш, яны прыйшлі, ўзялі бюлетэні і прагаласавалі”.