Ермакова абяцае разлічыцца за Ашчадны банк
Старшыня праўлення “Беларусбанка” Надзея Ермакова не выключае магчымасці поўнай кампенсацыі згарэлых савецкіх укладаў.
Такую заяву Ермакова зрабіла 16 снежня ў часе адзінага дня інфармавання ў Віцебску. Як паінфармавала БЕЛТА банкір, колькі год таму былі праведзеныя разлікі па поўнай кампенсацыі. Аднак добрай справе перашкодзіў сусветны фінансавы крызіс.
Ермакова мяркуе, што ў “бліжэйшым пяцігоддзі” зніклыя ў Ашчадным банку СССР уклады будуць вернутыя беларусам. “Калі мы не станем горш працаваць”, — агаварылася яна.
Варта нагадаць, што поўнае вяртанне савецкіх укладаў — адно з перадвыбарных абяцанняў кандыдата Лукашэнкі, зробленае ў 1994 годзе.