Euronews паабяцаў Еўрарадыё вярнуцца ў Мінск у абыход Масквы

120103 Luka6uk Euronews.mp3

Вярнуць зняты ў навагоднюю ноч з эфіру канал Euronews “Мінскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі” плануюць цягам месяца. Прынамсі, гэта паабяцаў Еўрарадыё кіраўнік аддзела маркетынга прадпрыемства Максім Дубовік.


Максім Дубовік: “Перамовы мы працягнем і ў студзені. І калі не здолеем знайсці паразумення з нашым партнёрам, з якім у нас былі дамоўныя адносіны да гэтага, то мы будзем выходзіць на сам канал для таго, каб весці прамыя перамовы”.

Праўда, колькі запатрабаваў расійскі праваўладальнік за трансляцыю мінчукам Euronews, прадстаўнік МТІС казаць не стаў — камерцыйная таямніца. Ён не хавае, што сёння тарыф за адну тэлевізійную праграму ў манапаліста на рынку кабельнага тэлебачання ў Мінску “МТІС” складае 600 рублёў. Як даведалася Еўрарадыё, сёння МТІС мае каля 550 тысяч абанентаў. Па сённяшнім курсе долара, за прагляд аднаго канала мінчукі плацяць каля 40 тысяч долараў у месяц.


Ці хопіць гэтых грошай на тое, каб аплаціць паказ Euronews жыхарам сталіцы? Еўрарадыё наўпрост звяртаецца ў парыжскі офіс незалежнага канала.


“Гэта нармальны наш кошт для аператараў, — кажа дыстрыбъютар канала Euronews на тэрыторыи краин былога СССР Юлія Сільверстава. — І для нас заўсёды цікавая супраца з такім вялікім кабельным аператарам — 550 тысяч абанентаў! Для нас гэта цікава, і 40 тысяч долараў — гэта вельмі добрая сума”.


Больш за тое, яна выказвае здзіўленне, што МТІС набываў права на трансляцыю Euronews у расійскага прадстаўніка, а не звяртаўся наўпрост у цэнтральны офіс.


Юлія Сільверстава: “Я не зразумела: чаму яны з Расіяй працавалі? Бо Беларуссю мы займаемся, а паказам на тэрыторыі Расіі займаюцца расіяне. І мінскай кампаніі нармальна было б наўпрост з намі кантактаваць ці з нашым прадстаўніком. Але гэты мы пасля вырашым. Вы скажыце ім мне напісаць асабіста”.


Мы сказалі. Намесніку дырэктара па маркетынгу “Мінскіх тэлевізійных інфармацыйных сетак” Дзмітрыю Бушчыку. Ён падзякаваў Еўрарадыё за клопат і нумар тэлефона прадстаўніцы Euronews, якая паабяцала дапамагчы вырашыць праблему, і параіў загадзя не радавацца.


Дзмітрый Бушчык: “Паверце, тут праца была праведзена вялікая. І перамовы, і тое, што кантракт аддадзены Маскве на эксклюзіў, і тое, што Масква аддала правы сваёй жа кампаніі, створанай спецыяльна пад беларускія пастаўкі — калі б усё было так проста, як вы кажаце! У нас, паверце, ёсць і тэлефоны Euronews, і лісты мы туды пісалі. У мяне ёсць ліст, дзе яны кажуць: вось — эксклюзіўны пастаўшчык, з ім майце справу. Гэта дзелавая перапіска, гэта можна падшыць, а не проста тэлефонная размова. І я думаю, што хутчэй маскоўскія прадстаўнікі перагледзяць сваё рашэнне. Можа, пад ціскам — дзякуй, што вы праінфармавалі Парыж, каб яны не прапусцілі з-за Калядаў гэтую інфармацыю”.


Дзмітрый Бушчык абяцае, што зараз параіцца са сваім кіраўніцтвам і самым бліжэйшым часам накіруе ліст з прапановамі адразу у Парыж.


Нагадаю, трансляцыя незалежнага канала навін прадпрыемствам “Мінскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі” была спыненая 1 студзеня ў 0.02. Замест Euronews мінчукам пачалі паказваць канал "НТВ+ Кіно плюс".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі