Франкенштэйн для Каліноўскага і Pink Floyd для рэвалюцыі

Мы ехалі ў LOFT, дзе і адбываюцца паказы, і разважалі пра тое, што ж атрымаецца ў музыкаў, і як такія імпрэзы адбываюцца ў Варшаве ды Вільні. А таксама пра тое, што на "Тузін.Немаўля" не прыйдзе ніхто, хто не гатовы быць задаволеным.

"Дэбютантамі" у "Тузін.Немаўля" сталі фільмы 20-х гадоў ХІХ стагоддзя"Кастусь Каліноўскі" і "У агні народжаная". Старое забытае кіно, якое б наўрад ці хто мэтанакіравана пайшоў глядзець у музей кіно, дзе яно і захоўваецца, чакала сваёй рэінкарнацыі, а прысутныя ў Лофце гледачы і госці абмяркоўвалі пытанне, што з гэтымі фільмамі рабіць сёння.

На гэта пытанне паспрабаваў адказаць культуролаг і кіназнаўца Максім Жбанкоў, які распачаў імпрэзу.

Максім Жбанкоў

""Кастусь Каліноўскі” — гэта слабы “закос” пад беларускасць з расійскай сэкс-зоркай Мікалаем Сіманавым у галоўнай ролі. Ужо смешна — скажаце вы, і гэта будзе праўдай! А калі дадаць, што ў розныя часы фільм абвінавачвалі ў ідэалагічных перагібах і ідэалагічных недахопах адначасова, нізкай мастацкай якасці, авантурнасці і махровым нацыяналізме, то можна зразумець, што стужка гэтая няпростая, дзіўнаватая і збольшага — мёртвая”.

Рэанімацыю мёртвага цела "Кастуся Каліноўскага" вырашылі правесці, дарэчы, акурат да 85-годдзя са дня выхаду стужкі. А адказным за гэту справу выступіў "адвязны разумнік" і "доктар Франкенштэйн для рэшткаў Кастуся Каліноўскага" Сяргей Пукст — адзіны ў Беларусі прадстаўнік шляхетнай плыні "панк от кутюр". Сам музыка лічыць, што яму было значна прасцей, чым іншым удзельнікам праекту, бо ён выступаў сольна — то бок і імправізаваць, і хуліганіць мог, калі і як хацеў.

Сяргей Пукст

"Давайце ўлічым адразу той факт, што Re1ikt працуе ўпецярох. - кажа Сяргей Пукст - Гэта вельмі важны момант, які скоўвае імправізацыйны пачатак, які ёсць у мяне. У мяне ёсць перавага! Колькасная! Таму ў гурта быў прынцыпова іншы падыход да працы. У мяне былі нейкія загатоўкі, але усё ж спрацаваў менавіта элемент спантаннасці".

 

Натуральна, кажа Сяргей Пукст, для гледача ў 1927 годзе падзеі фільма былі больш зразумелымі, чым сённяшняму аматару кіно. Таму, калі нешта было незразумела і самому музыку, ён "тапёрыў" з пазіцыі гледача: не вельмі зразумела, што адбываецца ў кадры — не вельмі ўпэўнена гучала і музыка.

А вось пахуліганіць у Сяргея атрымалася сапраўды на славу — калі першую частку фільма музыка "ілюстраваў" толькі фартэпіяна, то ў другой частцы не вытрымаў і вырашыў дадаць голас! Пукст выдаваў атмасферныя гукі, якія выдатна адлюстроўвалі не толькі сцэну дуэлі, бойкі і шляхецкіх танцаў, але нават сабачы брэх!

Пасля невялічкага перапынку на сцэну ўзняліся музыкі гурта Re1ikt . Хлопцы рыхтаваліся да свайго выступу больш за год — яшчэ з мінулага кастрычніка. У сярэдзіне фільма ў музыкаў нечакана загучаў нібыта Pink Floyd, а падчас цітраў – "Твін Пікс". Улічваючы тое, што Ўладзімір Казлоў — выдатны вакаліст, Re1ikt усур’ёз падумвалі аздобіць фільм не толькі інструментальна, але і вакальна. Напрыклад, у гурта была думка агучыць фальклорны пачатак фільма з пошуками папараць-кветкі. Але пасля музыкі вырашылі не парушаць канцэпцыю і пакінуць "Немаўля" немаўлём.

"Насамрэч Re1ikt зрабіў вялікую працу, — кажа Сяргей Пукст, які таксама з увагай назіраў за калегамі. — Яны выбудавалі закончаную “ад і да” кампазіцыю — паглядзіце, ні адзін чалавек не варухнецца, ніхто нават і не думае сыходзіць, а усе заварожаныя той з’явай, якая адбываецца на экране".

гурт Re1ikt

Перакладчык Антон Блюр, які толькі што вярнуўся з працы на марскім лайнеры, трапіў літаральна "з карабля на бал" — катаючыся па свеце ён бачыў шмат такіх мерапрыемстваў і ўпэўнена сцвярджае, што беларускі праект атрымаўся на выдатна.

"Гэта мяне вельмі ўразіла, але я ішоў паглядзець менавіта на працу музыкаў, якіх я добра ведаю. І вось я назіраў за дзеяй і складвалася ўражанне, што, напрыклад, першы фільм быў зняты пад музыку Сяргея Пукста, а не наадварот".

Аўтар праекта Сяргей Будкін

Прадзюсар Алег Ціханаў яшчэ да пачатку імпрэзы ўпарта разважаў пра тое, ці варта агучваць кіно, якое і па кампазіцыі, і па настроі задумвалася, як нямое. Як кажа Алег, больш за ўсё ён баяўся "эфекту" старога чорна-белага кіно, якое цяпер "размалёўваюць" і глядзець якое становіцца немагчыма.

"Я ішоў настроены скептычна наконт музыкі, але было вельмі цікава паглядзець гэта кіно. У мяне атрымалася абстрагавацца ад саміх музыкаў на сцэне, я нават у іншы экран глядзеў, і мне было вельмі здорава! Цудоўны праект, за якім я дакладна буду сачыць і які буду падтрымліваць. Адзінае, што я хацеў бы адзначыць — музыка ўсё ж павінна была папярэднічаць падзеі на экране, а атрымлівалася часцей пост-фактум".


Алег Ціханаў

Дарэчы, па апытанні Еўрарадыё, у будучых праектах “Тузін.Немаўля” у якасці тапёраў гледачы хацелі б убачыць  Лявона Вольскага, "Троіцу", Леаніда Паўлёнка ці нават "Тубсаў". Працяг праекта "Тузін.Немаўля" адбудзецца 24 і 25 лістапада ў клубе "Графіці" ды "Лофце".

 

Фота:budzma.org

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі