“Гаротніца” — гэта такі смутак, што ажно весела да слёз!

Ад “Спеваў прастытутак” да пажарнага аркестра

Еўрарадыё: Што за дзяўчына з цяжкім лёсам ваша гаротніца?

Андрусь Такінданг: Даўным-даўно ў мяне ўзнікла жаданне зрабіць музычны праект, скіраваны на дэструкцыю. Не для таго, каб радаваць і весяліць людзей, а для таго, каб наганяць смутку і журбы. Я нават пачаў пісаць пад праект, які мусіў называцца “Спевы прастытутак”. Але падумаў, што назва са словам “прастытуткі” сама па сабе надзвычай моцная. І вабіць больш за музыку. Таму ўзнікла думка пашукаць нейкую нейтральную назву, якая б замяшчала “Спевы прастытутак”. Так узнікла “Гаротніца”.

Стваральнікам “аркестра” і аўтарам тэкстаў з'яўляецца Андрусь Такінданг, а голасам і тварам “Гаротніцы” — чароўная вакалістка Валерыя Валадзько

Гэта музычныя маналогі дзяўчыны, поўныя паэтычных вобразаў. Дзяўчына ці наракае, ці скардзіцца, ці шукае нейкіх адказаў. Гераіня праекту — наша Валерыя — хаця і выступае на сцэне ў такім вобразе, цалкам пазітыўны чалавек. Яна ўнесла ў праект сваё прачытанне і меладычныя хады. Яна ўсё выконвае па-свойму.

Валерыя Валадзько: Ты на мяне крыўдуеш?

Андрусь Такінданг: Я ўжо прызвычаіўся! (смяюцца) Магчыма, на пачатку гэта выклікала здзіўленне і нават агрэсію. Але Валерыя робіць гэта пераканаўча і прафесійна, што важна. Таму з цягам часу ёй паверылі ўсе музыкі і слухачы. Адпаведна, змянілася і канцэпцыя праекта: гэта ўжо не толькі песні, скіраваныя на смерць ці палярныя жыццярадаснасці. Гэто ўжо песні, пад якія людзі танчаць!

“Гаротніца” — гэта праект найперш дзявоча-жаночы. Але я лічу, што такая вось гаротніца прысутнічае ў душы кожнага чалавека. Не важна, жанчына гэта ці мужчына. Гэта ўнутраная самота. Таму, калі зазірнуць глыбей, “Гаротніца” — гэта галашэнне самотнай душы чалавека.

Еўрарадыё: Але ў гэтага вашага “трэнаса” даволі вясёлае музычнае аздабленне!

Андрусь Такінданг: А ў гэтым зерне і соль гурта “Гаротніца”! Гэта такі смутак, што ажно весела да слёз!

“Кожны музыка — новае прачытанне музыкі”

Еўрарадыё: Валерыя, табе цяжка было ўмацавацца на сваёй пазіцыі ў гэтым дэструктыўным аркестры і адстаяць сваё меркаванне?

Валерыя Валадзько: Шчыра скажу — на першую рэпетыцыю ішла без жадання, бо не чула, што гэта. Але падчас яе адразу стала зразумела: я буду спяваць у гурце. Першапачаткова гэта сапраўды былі сумныя і летуценныя кампазіцыі, кларнет плакаў і разрываў сэрца. Цяпер “Гаротніца” ужо, натуральна, не тая. Праект быў акустычным, а стаў цалкам электрычным, з элементамі панк-рока, ска. Можам нават на вялікім стадыёне граць, і ўсе аглухнуць!

Еўрарадыё: Гэтую электрычнасць ты прыўнесла?

Валерыя Валадзько: Нас жа 8 чалавек, і кожны дадае нешта сваё! Бывае, што і спрачаемся, бо ўсе слухаюць абсалютна розную музыку. Палова музыкаў нашага гурта — прафесіяналы з дыпломамі, астатнія — самавукі. Напрыклад, Андрусь — мастак, і сам навучыўся граць на домры і спяваць.

Андрусь Такінданг: Мяне навучылі граць на домры дзікія звяры!

Еўрарадыё: Маўглі?

Андрусь Такінданг: Мяне пакінулі ў лесе на 20 гадоў, і ваўкі вучылі мяне граць на домры (смяецца). Што хачу дадаць да словаў Валерыі. За час існавання “Гаротніцы” склад гурта неаднаразова мяняўся. А кожны музыка — гэта новае прачытанне музыкі. Раней мы і сапраўды былі праектам для камерных зал, з кантрабасам. А цяпер у нас бас і рокавая гітара.

Валерыя Валадзько: Ламаем гэты акадэмізм!

Еўрарадыё: Да акустыкі больш не вернецеся?

Андрусь Такінданг: Загадваць не будзем. Калі раптам наш басіст зноў набудзе кантрабас…

“Мы самі — людзі дэструктыўна-маргінальныя”

Еўрарадыё: Як увогуле працаваць у гурце-аркестры? Ці проста вас сабраць разам на рэпетыцыі?

Андрусь Такінданг: Гэта немагчыма! Увесь час хаця б адзін чалавек ды адсутнічае.

Еўрарадыё: Якія ў вас адносіны?

Валерыя Валадзько: Цудоўныя! Братэрска-сястрынскія. Я яшчэ крышачку мама.

Андрусь Такінданг: Так, з Валерыяй нам сапраўды пашчасціла! Каб быць музыкам любога гурта, трэба быць здольным да ўзаемаадносінаў з іншымі людзьмі. Акрамя таго, што Валерыя прафесіянал, яна яшчэ і вельмі адказная. Трэба прызнацца, мы самі — людзі досыць дэструктыўна-маргінальныя. А Валерыі хапае нерваў збіраць нас і па сто разоў нагадваць пра важныя справы. За гэта ёй нізкі зямны паклон! Усё як у жыцці — уся адказнасць на дзявочых плячах. Такая маленькая мадэль беларускага грамадства.

Валерыя Валадзько: Я ж гаротніца, мушу неяк адчуваць гэта.

Робім Дастаеўскага

 

Еўрарадыё: Калі ўжо мы кранулі абавязкі. Хто і за што адказны ў вашай камандзе?

Валерыя Валадзько: Андрусь адказны за паэзію. І апошнім часам ён піша такія вершы, што ў мяне адчуванне, нібыта я сама іх напісала.

Цяпер усё пайшло “па мрачняку”, але мы гэта разбавім музыкай! Дарэчы, музыку часцей за ўсё робім разам. Бывае, што і за адну рэпетыцыю песню зробім. Нават некалькі варыянтаў!

Андрусь Такінданг: Можа напісацца нейкі тэкст і прыкладная мелодыя. Наігрываеш яе музыкам, а яны крывяцца: “Не, не тое!” Тады пачынаюцца нейкія пошукі і можа нешта нарадзіцца. Раней да сваёй музыкі я ставіўся больш строга і раўнаваў, усё мусіла быць так, як напісана. “Не мяняйце ноткі!” Але цяпер я бачу, што музыкі і самі класна адчуваюць гэтую музыку.

Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі сысці ў такое выключна мінорнае рэчышча ў плане лірыкі?

Валерыя Валадзько: Я, напрыклад, так наплакалася за сваё жыццё — я ж спявала фальклор з 11 гадоў! Таму для мяне гэта ўвогуле не пытанне, я спявала любоўную лірыку яшчэ круцейшую. Гэта нешта такое роднае, толькі іншае, аўтарскае, ужо не бабуліны песні.

Андрусь Такінданг: “Гаротніца” — эстэцкі праект. Гэта не народныя галашэнні, а ўсё ж такі праект гарадскі – не фальклорны, не этнічны. Калі глядзець на беларускую музычную сцэну, у нас ёсць рокавы “лагер”, ска, рэгі, фолкавы…

Еўрарадыё: А вы які?

Валерыя Валадзько: Нас чамусьці частка клічуць на фальклорныя фестывалі. Гэта, вядома, вельмі прыемна! Але, думаю, гэта ці праз маё фальклорнае мінулае, ці праз домру Андруся.

Андрусь Такінданг: Цяпер праект вельмі дэмакратычны, амаль для ўсіх. Але ўсё гэта пачыналася з музыкі не для ўсіх. Нешта заглыбленае ў чалавека, як раманы Дастаеўскага! Мы імкнёмся рабіць такога Дастаеўскага ці Зюскінда, але на музычным полі. Каб чалавек слухаў, і ў яго скрыгаталі нервы ад таго, што ён чуе. І каб хацелася заткнуць вушы, расплакацца і выбегчы! Але цяпер музыкі “Гаротніцы” ужо пераламілі сітуацыю. Людзі з залы больш не выбягаюць.

“У кожнай песні можам намяшаць па 4 розныя накірункі”

Еўрарадыё: Як ставіцеся да азначэння world music?

Валерыя Валадзько: World music для нас, хутчэй, гэта этніка, фальклор, нейкія карані народнай музыкі. У нас нічога гэтага няма! Быў кавер на народную песню на канцэрце гурта Kriwi, але ён не ўсім музыкам спадабаўся, і не ўсе хочуць яго граць.

У нас такая сумесь усяго! У кожнай песні можам намяшаць па 4 розныя накірункі. Але мне падаецца, што хутка гэта будзе модна. Ужо ж усё сыгралі!

Андрусь Такінданг: Цяпер музычныя стылі ператварыліся ў прылады, з дапамогай якіх мы можам перадаваць нейкія свае эмоцыі. Мы ідзем, хутчэй, ад пэўных пачуццяў. І ад таго, якой мовай мы хочам размаўляць. А адносіць сябе да кірункаў і стыляў… Нам гэта не цікава.

Валерыя Валадзько: Такая вось у нас эклектыка! Таму клічце на ўсе фестывалі!

“Мы жывем і паміраем на сцэне”

Еўрарадыё: Дарэчы, як адбылося, што з такой музычнай палітрай і гуртом-аркестрам вы не ездзіце на фестывалі?

Валерыя Валадзько: Для гэтага нам патрэбныя якасныя запісы, якіх пакуль у нас не было. Збіраемся запісацца і раздаваць. У Еўропе гэта запатрабавана.

Андрусь Такінданг: Калі казаць пра дынаміку развіцця гурта, прайшоў перыяд, калі былі нейкія песні, канцэрты. Пасля былі перыяды, калі было зацішша. Цяпер зноў адбываецца пэўная актывізацыя.

Валерыя Валадзько: На мой погляд, цяпер у нас самае крутое гучанне!

Андрусь Такінданг: Усе музыкі “Гаротніцы” здольныя імправізаваць. Нават калі рэпертуар не абнаўляецца, кожны канцэрт розны! У нашых песень няма зацвярдзелай формы. Мы жывем і паміраем на сцэне.

Еўрарадыё: А як жа праца ў студыі? І чаму два ЕР лепш, чым адзін альбом?

Андрусь Такінданг: Гэта наша канцэпцыя, мы доўга яе абдумвалі. І вырашылі, што ў сучасным свеце альбомы ўжо страчваюць сваю вартасць.

Валерыя Валадзько: Першы запіс мы зрабілі на студыі The Toobes, запісалі ўсе разам “лайв”. Я толькі вакал запісала асобна, але ўвесь час прысутнічала ў студыі, танчыла і бегала вакол музыкаў. Другі запіс у нас будзе на студыі “Осмос”. За гэты ЕР дзякуй Еўрарадыё!

Андрусь Такінданг: Насамрэч, гэта не першыя запісы гурта “Гаротніца”. Мы супрацоўнічалі з “Беларусьфільмам”, і нашы песні выкарыстоўваліся ў кінастужцы Галіны Адамовіч “Маляваны рай”. Мне падаецца, што наша музыка вельмі пасуе гэтаму кіно, і мы зусім іншыя ў гэтым запісе. Таму вельмі важна зафіксакаваць тое, што мы цяпер маем.

Валерыя Валадзько: А пасля Андрусь будзе маляваць кліп! Ён жа ў нас яшчэ і мастак!

“Наогул дзіўна, што мы яшчэ дагэтуль існуем”

Еўрарадыё: Ваша стаўленне да мэнэджменту і продажу музыкі? Для гэтага патрэбны спецыяльны чалавек ці вы будзеце працягваць займацца ўсім самі?

Валерыя Валадзько: У нас няма ні дырэктара гурта, ні мэнаджара. Усё даводзіцца рабіць уласнымі намаганнямі. І амаль увесь час выключна мне! (смяецца) А я не зусім прафесіянал у гэтым, спяваю я лепш! Хацелася б, натуральна, знайсці добрага чалавека, сябра, які б не проста хацеў зарабіць з намі грошай і падзяліць адсоткі, а якому б падабалася наша музыка.

Андрусь Такінданг: Вядома, шмат арганізацыйных праблем. Мастацкая канцэпцыя гурта амаль не разыходзіцца з жыццёвай пазіцыяй музыкаў. І калі мы кажам, што гэта дэструктыўны пажарны аркестр, што мы панкі, дык на самой справе так і ёсць. Таму ў нас няма піянерскай бадзёрасці і запалу на нейкія планы. Для мяне наогул дзіўна, што мы яшчэ дагэтуль існуем. Феномен “Гаротніцы” нават не ў музыцы, а ў тым, што яна проста існуе.

“Мы не гатовыя ахвяраваць музыкай”

Еўрарадыё: Што для вас “Гаротніца”? Гэта адтапырка, хобі ці справа жыцця?

Валерыя Валадзько: Думаю, для ўсіх музыкантаў гэта галоўная музычная адтуліна. І адтапырка таксама!

Андрусь Такінданг: Гэта так класна, калі ты можаш граць на сцэне. Ты не прывязаны да аркестра, нотаў, дырыжора, а можаш проста ляцець, выказваць свае пачуцці. І гэта такі наркотык, за які людзі гатовыя нечым ахвяраваць. Такі музычны табар!

Кожны з музыкаў марыць пра папулярнасць, славу і багацце, але мы не гатовыя для гэтага ахвяраваць музыкай, нашымі характарамі і тым, хто мы ёсць. Таму мы не наракаем на лёс. Наша дарога прыносіць нам радасць. Думаю, пра нашу свабоду і падыход да жыцця марыць шмат людзей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі