Каму патрэбны Саюз палякаў?

А ініцыятывы польскага ўраду кшталту “Карты паляка” лічыць шкоднымі і антыпольскімі.

Беларускія палякі знаходзяцца сёння па розныя бакі барыкад са сваёй гістарычнай Радзімай. Больш за тое, Польшча фактычна кінула сваіх суродзічаў на Ўсходзе, расколваючы іх на варожыя лагеры з дапамогай урадавых ініцыятыў кшталту “Карты паляка”. Пра гэта заявіў у час прэс-канферэнцыі 5 лютага ў Мінску начальнік юрыдычнага аддзелу праўладнай часткі арганізацыі Эдуард Калоша.

Эдуард Калоша: “На сённяшні дзень паслы ды консулы — з аднаго боку, і, можа быць, нейкія палітыкі — з іншага боку. Гэта ўсяго толькі сведчанне геапалітыкі сённяшняй, а мы (Саюз палякаў у Беларусі — Еўрарадыё) — толькі вынікі гэтага стану геапалітыкі. Раней, прабачце мне, мяжа была на Одры, а сёння ўжо мяжа — на Бугу. Сцяну пабудавалі далей — паміж двума светамі: Захадам і Ўсходам. Польшча была калісьці ва ўсходнім лагеры — ну, то было ўсё добра. Зараз яны туды — і вы самыя цудоўна бачыце, хто чыю палітыку, чый вектар займае”.

На думку Калошы, моцны і адзіны Саюз палякаў у Беларусі не патрэбны ўласна Польшчы. Пакуль існуе раскол, застаецца магчымасць для шэрых фінансавых махінацыяў, лічыць юрыст праўладнай арганізацыі.

Эдуард Калоша: “Нават той Польшчы — што, патрэбны моцны Саюз палякаў? Гэта што азначае? Будзе адна арганізацыя, адно фінансаванне, адна справаздачнасць. Тады не будзе шмат Дамоў польскіх і старшыняў. А будзе адзіная цэнтральная бухгалтэрыя: даў — прадставіў справаздачу. А сёння — шмат! І, разумееце, даць і сказаць: там дыктатура, давай я табе на туалетнай паперы справаздачу дам! А колькі, напрыклад, далі, а колькі ўзялі — ніхто не ведае!”

Старшыня Мінскага гарадскога аддзелу афіцыйнага СПБ Чэслаў Муліца паскардзіўся на абсалютнае ігнараванне іх мерапрыемстваў польскімі дыпламатамі.

Чэслаў Муліца: “Калі мы праводзілі Дні польскай культуры ў нашых установах культуры, запрашалі прадстаўнікоў консульства, але браць удзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца дзяржавай ці з удзелам дзяржаўных устаноў культуры, яны адмаўляюцца і дэманстратыўна не прыходзяць”.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін пацвердзіў, што аніякіх кантактаў са структурамі Саюзу палякаў, ачоленых праўладным Станіславам Сямашкам, прадстаўнікі Польшчы сапраўды не маюць. Як патлумачыў амбасадар, сапраўдная кіраўніца арганізацыі — Анжаліка Борыс. Менавіта актывістаў СПБ, якімі кіруе яна, і падтрымлівае польскі афіцыйны бок.

Генрык Літвін: “Польскія ўлады, МЗС, Сенат і няўрадавыя арганізацыі, якія дзейнічаюць на гэтай ніве, падтрымліваюць кантакт з Саюзам палякаў, кіраваным Анжалікай Борыс, і падтрымліваюць яго. Афіцыйных кантактаў са структурамі Саюзу палякаў у Беларусі, кіраваных Лучнікам, а зараз Сямашкам, прадстаўнікі Польшчы не маюць. Актыўнасць СПБ, кіраванага Лучнікам і Сямашкам, грунтуецца на прынцыпе выключэння для легальнай дзейнасці якіх-колечы іншых польскіх структур, што не можа быць намі падтрымана”.

Дарэчы, 12 лютага ў Варшаве адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі і Польшчы. Магчыма, Сяргей Мартынаў і Радаслаў Сікорскі, урэшце, і дамовяцца, каму сёння патрэбныя беларускія палякі.


На здымку (злева направа): Алена Богдан, намесніца старшыні СПБ, Мечыслаў Лысы, намеснік старшыні, Чэслаў Муліца, старшыня Мінскага гарадскога аддзела СПБ, Эдуард Калоша, начальнік юрыдычнага аддзела Саюзу палякаў

Фота аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі