Канстытуцыйны суд не стаў разглядаць зварот Любові Кавалёвай
У адказе з КС гаворыцца, што ў суд могуць звяртацца толькі спецыяльна ўпаўнаважаныя органы.
Нагадаем, што маці асуджанага на смерць Уладзіслава Кавалёва прасіла прызнаць неканстытуцыйным адно палажэнне Крымінальна-выканаўчага кодэкса. У кодэксе не прадугледжваецца прыпыненне выканання смяротнага прысуду ў сувязі з падачай і рэгістрацыяй заявы ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Юрыст Раман Кісляк не згодны з такім адказам Канстытуцыйнага суда, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". Па словах Кісляка, Кавалёва звярталася ў суд з просьбай выносіць не заключэнне, а менавіта рашэнне, і такая практыка існуе. Канстытуцыйны суд па заявах грамадзян прымае рашэнне, дзе даецца ацэнка асобным сферам на прадмет іх суадносінаў з Канстытуцыяй альбо міжнародна-прававымі актамі.
Кавалёва накіравала лісты наконт звароту ў Канстытуцыйны суд Аляксандру Лукашэнку, у Савет міністраў, Савет Рэспублікі, у Палату прадстаўнікоў, а таксама ў Вярхоўны суд.