Коктыш: У кулуарах казалі пра крымінальныя разборкі за беларускую ўласнасць

Увечары 14 красавіка па тэлеканале РТР паказалі ток-шоў Уладзіміра Салаўёва "Паядынак", прысвечанае выбуху ў мінскім метро. Апанентамі былі Станіслаў Шушкевіч і Уладзімір Жырыноўскі.

Што праўда, кажа палітолаг Кірыл Коктыш, абмяркоўвалі хутчэй не сам тэракт, а тое, як блага атрымаўся постсавецкі рэжым.

Коктыш: “І агульныя высновы былі такія, што беларуская рэчаіснасць, руская рэчаіснасць і ўвогуле постсавецкая рэчаіснасць дазваляе такія эксцэсы як той тэракт, як той выбух у Мінску. Канешне, гэтыя высновы, гэтыя меркаванні былі даволі цікавыя. Што важна адзначыць, гэта канструктыўны тон, які ўзяў і Жырыноўскі ў гэты раз у адносінах да Шушкевіча. Бо адносіны з Шушкевічам у гэты раз былі амаль неканфліктныя”.

Шушкевіч таксама адзначыў, што яго выбар апанента не здзівіў:

Шушкевіч: “Жырыноўскі, пачынаючы з кастрычніка, выказваў вельмі разумныя цвярозыя думкі пра тое, што такое Лукашэнка, чаго ён хоча і якімі захадамі ён гэтага дабіваецца. Таму, калі мне прапанаваў Салаўёў сустрэцца, я адказаў, што я далёка, у Брусэлі, таму не магу. Але калі Салаўёў сказаў, што я баюся з ім сустрэцца, мне давялося праз Прагу і Вільню прыехаць у Маскву і сустрэцца з ім. І ведаеце, я не шкадую, таму што ён прымяніў заўсёдны прыём, што я разваліў Саюз, што з-за гэтага дрэнна стала, я адказаў, што ён робіць яшчэ больш дрэнна, бо за 20 гадоў у Думе нічога людскага зрабіць не можа. Пасля гэтага ў нас была нармальная размова”.

Што да самога тэракту, то, кажа Коктыш, у кулуарах самай распаўсюджанай была не палітычная, а крымінальная версія

Коктыш: “Найбольш тыповай версіяй было тое, што гэта нейкія крымінальныя разборкі. Некаму нешта было абяцана рабіць, быў абяцаны той ці іншы кавалак беларускай уласнасці, гэтыя абяцанні не спраўдзіліся — і яны выліліся ў такія эксцэсы”.

Але, кажа палітолаг, гэта толькі адна з версіяў, і яна пакуль недаказаная. Але нават калі прыняць за праўду афіцыйную версію, то яна ставіць пад сумнеў прафэсійныя якасці беларускіх спецслужбаў.

Коктыш: “Як ні круці, калі пад носам беларускага КДБ 7 год маглі існаваць тэрарысты, нешта рабіць — рабіць выбухі, служыць у арміі… І ніхто нічога не заўважыў! З аднаго боку, гэта кажа пра слабую прафесійнасць КДБ. А калі гэтыя людзі адшукаваюцца за адзін дзень, то таксама ўзнікае шэраг пытанняў, на якія таксама павінны быць дадзеныя нейкія слушныя адказы. Усе зараз будуць чакаць, як беларускія сілавікі будуць выходзіць з гэтага становішча”.

У сваю чаргу, Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што ў тэракце не варта шукаць расійскі след. На яго думку тэракт выгадны беларускаму рэжыму:

Шушкевіч: “Я лічу, што гэты тэракт вельмі зручны кіруючаму рэжыму. Я лічу, што маглі знайсціся сілы, якія хацелі дагадзіць гэтаму рэжыму. Я не дапускаю, што гэта здзейснілі самі тыя, каго выкрылі, што на іх нехта не ўздзейнічаў. Можа, на іх уздзейнічаў імпэт чалавека, які паказвае, што ў нашай краіне можна толькі біць, зневажаць, прыніжаць. У Беларусі нармальныя, моцныя інтэлектуальныя сілы. Але вельмі шкада, што нелегітымны наш прэзідэнт кіруецца інстынктамі, а не розумам і ўсе ягоныя дзеянні, і гэтыя скокі на касцях, прыход  ускласці кветкі, калі целы ахвяр яшчэ не вынеслі – гэта мне здаецца блюзнерствам”.

У кожным разе на праграме “Паядынак” выйграла беларуская тэма. Як адзначае Кірыл Коктыш, яна ўпершыню раз добра засвяцілася на расійскім федэральным тэлеканале і была паказаная неаднабакова.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі