Лукашэнка за 18 гадоў змяніў сем кіраўнікоў КДБ (інфаграфіка+даведка)
Ніводзін з іх не змог пратрымацца на пасадзе больш за пяць гадоў.
Першым кіраўніком КДБ незалежнай Беларусі быў Эдуард Шыркоўскі. Ён працаваў у органах дзяржбяспекі з 1957 года, скончыў школу КДБ №304. Пачынаў са службы ў аддзеле УКДБ па Свярдлоўскай вобласці. У 1968 годзе быў пераведзены ў цэнтральны апарат КДБ СССР. З 1985 года Шыркоўскі пераязджае ў Беларусь. Тут займаў пасады начальніка УКДБ па Віцебскай вобласці (1985 - 1988 г.), намесніка старшыні КДБ Беларускай ССР (1988 - 1990 г.), старшыні КДБ Беларускай ССР (16 лістапада 1990 - верасень 1991 г.), старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь (верасень 1991 - 25 студзеня 1994 г.).
Шыркоўскага на пасадзе замяніў Генадзь Лавіцкі. Ён нарадзіўся 28 жніўня 1942 года ў вёсцы Нова-Беліца Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Па нацыянальнасці беларус. У 1970 годзе скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут па спецыяльнасці біялогія і хімія, а ў 1971 годзе - Вышэйшыя курсы КДБ. У 1988-1994 гадах — намеснік Старшыні КДБ БССР (з 1991 года – КДБ Беларусі). Старшынёй КДБ ён прабыў усяго чатыры месяцы — з 22 лютага па 23 ліпеня 1994 года. Адным з першых указаў Лукашэнкі ён быў прызначаны паслом у Ізраілі.
Замяніў Лавіцкага Уладзімір Ягораў. Ён нарадзіўся 7 лістапада 1939 года ў Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Беларус. У 1967 годзе завочна скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці гісторыя, у 1979 годзе - Вышэйшую школу КДБ. У органах дзяржбяспекі з 1977 года. У 1981 годзе накіраваны на працу ў органы ўнутраных спраў - начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама, першы намеснік Міністра ўнутраных спраў БССР, міністр унутраных спраў Латвійскай ССР, міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. З ліпеня 1994 года па снежань 1995 года Ягораў займаў пасаду старшыні КДБ. Пасля адстаўкі стаў дэпутатам Вярхоўнага савета, працаваў старшынёй Камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў.
Першым кіраўніком КДБ Беларусі, які пратрымаўся больш-менш працяглы час, стаў Уладзімір Мацкевіч. Прапрацаваў Мацкевіч ажно да 2000 года. Ён нарадзіўся 1 сакавіка 1947 года ў Мар'інай Горцы. Беларус. У 1970 годзе скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут па спецыяльнасці хімічная тэхналогія перапрацоўкі нафты і газу, у 1978 годзе — Чырванасцяжны інстытут КДБ. У органах дзяржаўнай бяспекі Мацкевіч працаваў 1976 года. З 1985 года — намеснік начальніка аддзела, начальнік аддзела 4-га ўпраўлення КДБ БССР. Са снежня 1995 года па лістапад 2000 года — старшыня КДБ. Указам Лукашэнкі ад 13 ліпеня 2001 прызначаны паслом у Югаславіі.
Мацкевіча замяніў Леанід Ерын – першы кіраўнік КДБ у незалежнай Беларусі, які быў па нацыянальнасці рускім. Нарадзіўся 17 лістапада 1951 года ў Оршы. У 1973 годзе скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту па спецыяльнасці інжынер-механік, у 1981 годзе - Чырванасцяжны інстытут КДБ. Доктар навук у галіне інфармацыйных тэхналогій.
Службу пачаў оперупаўнаважаным, быў старшым оперупаўнаважаным УКДБ БССР па Віцебскай вобласці. Пасля працягнуў службу старшым оперупаўнаважаным, начальнікам групы 4-га ўпраўлення КДБ БССР. З 1995 года ён стаў намеснікам, а затым першым намеснікам Старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь.
У верасні 2000 года Леаніда Ерына прызначылі начальнікам Службы бяспекі Лукашэнкі. З лістапада 2000 года — Старшыня КДБ. Працаваў да канца 2004 года, на яго месца быў прызначаны Сцяпан Сухарэнка.
Сцяпан Сухарэнка нарадзіўся 27 студзеня 1957 года ў вёсцы Здудзічы Светлагорскага раёна. У 1980 годзе скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут, у 1985 годзе — Вышэйшыя курсы КДБ СССР.
У органах дзяржаўнай бяспекі з 1984 года. У 1993-1994 гадах — старшы супрацоўнік, галоўны супрацоўнік Інспекцыі КДБ. У 1997-1998 гадах — намеснік Старшыні КДБ. 17 кастрычніка 2000 Сцяпана Сухарэнку прызначылі першым намеснікам старшыні КДБ. Пасаду старшыні Сухарэнка займаў з 2005 па 2007 год.
З 2007 па 2008 год КДБ кіраваў Юрый Жадобін. Ён нарадзіўся 14 лістапада 1954 года ва ўкраінскім Днепрапятроўску. Прайшоў шлях ад камандзіра танкавага ўзвода да камандзіра палка. З 1990 года па 1999 год займаў кіруючыя пасады ў сістэме грамадзянскай абароны Беларусі і ва Унутраных войсках МУС. У 1999 годзе Жадобіна прызначылі на пасаду намесніка міністра ўнутраных спраў. З верасня 2003 года кіраваў Службай бяспекі Лукашэнкі. 17 ліпеня 2007 года генерал-маёр Юрый Жадобін стаў кіраўніком КДБ. Пасля сыходу з КДБ і па сённяшні дзень узначальвае міністэрства абароны.
Вадзім Зайцаў, які пазбавіўся пасады 9 лістапада 2012 года, займаў яе з 15 ліпеня 2008 года. Нарадзіўся ва Украіне. Скончыў Маскоўскае вышэйшае памежнае каманднае вучылішча КДБ СССР (1986), Акадэмію Федэральнай пагранслужбы Расіі (1997), Ваенную акадэмію Генштаба Узброеных сіл РФ (2004). Служыў намеснікам начальніка, затым начальнікам памежнай заставы. Працаваў ва ўпраўленні аховы дзяржаўнай мяжы штаба Дзяржаўнага камітэта памежных войскаў Беларусі (1997-1998). У 1998-2002 служыў намеснікам начальніка атрада — начальнікам штаба, затым начальнікам Пінскага памежнага атрада. У 2002-2008 працаваў у Дзяржаўным камітэце памежных войскаў Беларусі.
Фота КДБ — Вікіпедыя