Лёс чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску могуць вырашыць праз 2 месяцы
Прэс-сакратар Міжнароднай федэрацыі распавёў, што Кангрэс “можа прыняць любое рашэнне”, а Еўрарадыё вывучыла падставы, з-за якіх першынство пераносяць.
Праект рэзалюцыі Кангрэса ЗША па Беларусі заклікае разгледзець пытанне аб адмене чэмпіянату свету па хакеі, які павінен прайсці ў Мінску ў 2014 годзе. Раней, у студзені, такое ж меркаванне выказалі ў сваёй рэзалюцыі і дэпутаты Еўрапарламента.
У Міжнароднай федэрацыі хакея распавялі Еўрарадыё, што ведаюць пра падобныя заклікі, але пакуль пытанне пра адмену першынства не ўздымалі.
"На гэты момант прынятае рашэнне аб правядзенні чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі ў 2014 годзе застаецца ў сіле", – адзначыў прэс-сакратар IIHF Сімон Шэмберг.
Ён адмовіўся каментаваць, наколькі рэальна гэта змяніць на падставе парушэнняў правоў чалавека ў краіне. Разам з тым Сімон Шэмберг адзначыў, што наступны Кангрэс федэрацыі, пасяджэнне якога пройдзе праз два месяцы ў Славакіі, "можа ў прынцыпе прыняць любое рашэнне".
Статут Міжнароднай федэрацыі хакея прадугледжвае, што яе Рада можа ўзняць пытанне аб пазбаўленні права прымаць чэмпіянат. Але сярод прычын – у асноўным тэхнічныя.
1.Нацыянальная хакейная асацыяцыя не выканала матэрыяльныя перадумовы, на якіх атрымала права правядзення чэмпіянату;
2.Нацыянальная хакейная асацыяцыя не можа выканаць свае абвязкі па падпісаным кантракце;
3.Нацыянальная хакейная федэрацыя дапусціла значнае парушэнне падпісанага кантракта;
4. Ёсць прычына для занепакоення аб здароўі альбо вольным перамяшчэнні гульцоў, афіцыйных прадстаўнікоў, гледачоў і СМІ.
У цяперашнім складзе Рады IIHF 13 прадстаўнікоў розных краін: па адным з ЗША, Канады, Чэхіі, Фінляндыі, Швецыі, Швейцарыі, Германіі, Славакіі, Славеніі, Люксембурга, Іспаніі, Японіі і Расіі.
Калі яны ўсё ж вырашаць вынесці пытанне па Беларусі на галасаванне хакейнага Кангрэса, то ўсё будзе залежаць ад нацыянальных федэрацый.
Для пераносу месца чэмпіянату патрэбная простая большасць галасоў. У Міжнароднай федэрацыі права голаса мае 51 хакейная краіна. З іх 26 дзяржаў – гэта сябры ЕС, а таксама ЗША і Канада, якія крытыкуюць беларускія ўлады.
Федэрацыя хакея Беларусі ў курсе заклікаў еўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў аб адмене правядзення чэмпіяната свету-2014. Але прэс-менеджар федэрацыі Канстанцыя Лешчанка запэўнівае, што пакуль усё ідзе як запланавана.
"Да нас ніякіх афіцыйных дакументаў на гэты конт не паступала. Мы знаходзімся на пастаянным кантакце з Міжнароднай федэрацыі хакея. Ад іх ніякіх сумневаў, нараканняў на наш адрас не было".
Хакейныя федэрацыі іншых еўрапейскіх краін пра пытанне наконт чэмпіянату ў Беларусі таксама ведаюць, але афіцыйных заяў на гэты конт не рабілі.
"Я ведаю пра гэта, атрымаў е-мэйл ад невядомага мне чалавека з апісаннем сітуацыі. Але пакуль ад нашай федэрацыі ніякая афіцыйнай рэакцыі няма", – распавёў Еўрарадыё Генеральны сакратар Федэрацыі хакея Чэхіі Марцін Урбан.
Ён дадаў, што звычайна спорт па-за палітыкай і ў розных спартыўных мерапрыемствах удзельнічаюць краіны з рознымі палітычнымі сістэмамі.
Фота: Roman Kucera