Уладзімір Макей сёння паўдзельнічае ў тэгеранскім саміце
Беларуская дэлегацыя на чале з міністрам замежных спраў возьме ўдзел у XVI саміце дзяржаваў-удзельніц Руху недалучэння.
Ён пройдзе ў сталіцы Ірана 30-31 жніўня. Як адзначае БЕЛТА, асноўнай мэтай мерапрыемства стане абмеркаванне найбольш актуальных міжнародных праблемаў. РІА "Новости" ўдакладняе, што гаворка пойдзе пра пошук вырашэння канфлікта ў Сірыі. Ён доўжыцца ад сакавіка 2011-га і за гэты час, па розных звестках, загінулі ад 8 да 20 тысяч чалавек.
Адзначым, што Рух недалучэння — гэта міжнародная арганізацыя, якая аб'ядноўвае дзяржавы свету, што не ўдзельнічаюць у вайсковых блоках. У яго ўваходзяць такія дзяржавы, як Афганістан, Буркіна-Фасо, Венесуэла, Гандурас, Куба, КНДР, Самалі, Індыя і дзясяткі іншых. Еўропу прадстаўляе толькі Беларусь.
Фота — n-europe.eu