Міжнародная федэрацыя хакея не разглядала пытанне аб чэмпіянаце ў Беларусі
Падчас Кангрэса ў Браціславе ніводная краіна не выступіла з прапановай адмяніць сусветнае першынство ў Мінску ў 2014 годзе.
Пытанне аб замарозцы правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе ў Беларусі не ўзняў ніводны з удзельнікаў Кангрэса Міжнароднай хакейнай федэрацыі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла прадстаўніца IIHF Крысціна Кох.
Апошні штогадовы Кангрэс спартовай арганізацыі прайшоў 13-15 траўня у Славакіі. Напярэдадні старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк звярнуўся да федэрацыі з просьбай разгледзіць пытанне аб правядзенні сусветнага першынства ў Беларусі. Прыхільнікі адмены турніру чакалі, што нехта з прадстаўнікоў 69 краін-удзельніц Федэрацыі альбо з чыноўнікаў выканаўчага органа Кангрэса ўзніме пытанне на Кангрэсе. У такім выпадку пытанне, верагодна, было б вынесена не галасаванне.
Перад Кангрэсам еўрадэпутат Пэтэр Шцястны, у мінулым славуты славацкі хакеіст, казаў, што прыхільнікі замарозкі спаборніцтва не апусцяць рукі, нават калі Кангрэс-2011 не прыме рашэнне па Беларусі.
Пэтэр Шцястны: "Да 2014 года будуць яшчэ пасяджэнні Кангрэса, яны штогадовыя ў перыяд правядзення сусветных спаборніцтваў. Таму будзе час, каб падрыхтавацца лепей, і лепей растлумачыць кожнаму дэлегату, што адбываецца. Бо на сёння я сумняваюся, што большасць з іх добра праінфармаваная. Без сумневу, мы будзем працягваць свой ціск. Мы мусім дзейнічаць, бо сітуацыя крытычная!"
Па словах Шцястнага, пытанне аб правядзенні чэмпіянату ў Беларусі, у выпадку, калі ў краіне застануцца палітвязні, будзе ўздымацца і напярэдадні наступных кангрэсаў.
Здымак: Mike Hewitt/Getty Images Europe