На канцэрце J:Морс 8 хлопцаў прапанавалі сваім каханым руку і сэрца

130215_ma6a_jm.mp3

Ужо перад уваходам у Re:Public нам перагарадзіла шлях вялізная чарга. J:Морс гадзіну чакалі, пакуль у клуб зойдзе апошні глядач... Ну, а Еўрарадыё дарма часу не губляла: мікрафон у рукі — і да людзей!

“Для мяне J:Морс звязаны з нейкай настальгіяй па студэнцтве, — разважае прыхільніца гурта Алена. — Песні кшталту “Босиком по мостовой” я спрабавала перад канцэртам пераслухаць… Вядома, гэта былі залатыя альбомы, апошнія ўжо чаплялі не так. Але я тут, таму, што ведаю, што гэта хваля пазітыву, гэта клёва і гэта пра каханне”.


J:Морс апошнім часам прыціхлі. Альбомаў не выдаюць, скандальных кліпаў не здымаюць, мегатураў па Беларусі не ладзяць. Магчыма, уся справа ў "Нафце" - новым праекце Уладзіміра Пугача , прэзентацыя якога запланаваная на 18 красавіка. Магчыма, гурт рыхтуе чарговую “выбухоўку” і тактычна адмоўчваеца. А магчыма, проста прыйшоў час новых герояў.

“Іх любяць, таму што ў іх добрыя песні, — праясняе сітуацыю з аншлагам фанатка Даша. — Нягледзячы на тое, што яны не выпускаюць новых альбомаў, я ўсё-роўна, напрыклад, люблю ўсе іх песні”.


J:Морс урываюцца на сцэну, як віхор, і пачынаюць з “Апреля”. Потым ідзе “Моё солнце” і дзясятак песень, якія тысячная зала спявае хорам. Відавочна, што “Морсы” у добрай форме — усё як заўжды, зладжана, драйвова, чотка і пазітыўна. Таксама відавочна, што “схема”, прыдуманая Пугачам пры пачатку 2000-х, працуе і сёння: гурт такі ж чаканы і папулярны, які і 7 гадоў таму.

А потым пачынаецца шоў. Уладзімір дае магчымасць прысутным зрабіць прапанову рукі і сэрца сваёй палавінцы на сцэне — як-ніяк Дзень закаханых. І што тут робіцца! Адна за адной на сцэну ўздымаюцца пары. Хлопцы становяцца на калена і просяць каханых пабрацца з імі шлюбам!

Музыкі падрыхтавалі адмысловыя сертыфікаты, дзе пазначана афіцыйная дата заручын для пар

“Так, сябры, вы што, усе сёння ажэніцеся?” — здзіўляецца наплыву пар Уладзімір Пугач. Тым часам гучыць чарговае прызнанне: “Добры вечар. Я крыху хвалююся — не кожны дзень даводзіцца рабіць прапанову... Мілая Наста, мы праз многае з табой прайшлі. Толькі што прайшлі праз усю залу да сцэны… І такіх выпадкаў было нямала. Я думаю, пройдзем з табой праз усё жыццё. Будзь маёй жонкай”.


Далей — болей. Уладзімір абвяшчае “хвіліну пацалункаў” і як мінімум 108(!) пар бяруць удзел у гэтым прыемным працэсе. На развітанне Пугач заклікае ўсіх “жаніцца, калі такая справа” і заводзіць “Босиком по мостовой”.

P.S. Валера, які быў адным з ініцыятараў "заручын на канцэрце" дзякуе за дапамогу Аляксандры Рогам і гурту J:Морс.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі