Някляеў: “Гавары праўду!” хоча перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах
На гэтую перамогу скіраваная ўся дзейнасці грамадзянскай кампаніі.
Пра гэта яе лідар Уладзімір Някляеў заявіў 13 красавіка, адкрываючы ўстаноўчы сход арганізацыі ў Мінску.
“Наша мэта — прэзідэнцкія выбары 2015 года праз мясцовыя выбары 2014 года. Байкатаванне выбараў у мясцовыя саветы з палітычнага пункту гледжання — абсалютная бязглуздзіца. Рэжым нелегітымны ўжо шмат гадоў, і байкот або ўдзел у выбарах не зробяць яго больш ці менш легітымным”, — цытуе Някляева БелаПАН.
Палітык асуджаны за падзеі 19 снежня 2010 года. Ён нагадаў, што ў ліпені над ім павінен адбыцца суд, на якім улада можа заявіць, што ён не стаў на шлях выпраўлення, і накіраваць яго ў турму, або падоўжыць нагляд. “Але нават у такіх умовах мы тады будзем шукаць новае аблічча кампаніі”, — заявіў Някляеў.
Цяперашні ўстаноўчы сход грамадскага аб’яднання “Гавары праўду!” — ужо трэцяя спроба грамадзянскай кампаніі атрымаць афіцыйную рэгістрацыю. Першы сход адбыўся ў канцы 2010 года, а другі — у чэрвені 2011 года. Абодва разы Міністэрства юстыцыі адмовіла арганізацыі ў рэгістрацыі.